Звальняюць прэсавага сакратара страйкаму «Беларуськалію» Глеба Сандраса

Афіцыйная прычына — прагулы​, піша svaboda.org.

f7cb1637_df00_46d1_8dbf_dfe6c7666d16_w1023_r1_s.jpg


Прэсавы сакратар страйкаму «Беларуськалію» Глеб Сандрас выклаў у інтэрнэт загад аб ягоным звальненні «за прагулы».
«Загад цалкам незаконны. Нас гэтак усіх спрабуюць запалохаць і спыніць страйк. Ведаю яшчэ пра чатыры падобныя выпадкі звальнення ўдзельнікаў страйку на маім 1-м рудаўпраўленні. Калі не скасуюць загад, будзем падаваць у суд», — сказаў Свабодзе Глеб Сандрас.
Працаўнік «Беларуськалію» патлумачыў, чаму лічыць загад аб звальненні незаконным.
«Залічылі ў прагулы дні з мінулай серады, у якія я страйкаваў, як нібыта адгулы. Хаця страйкам папярэдзіў, што пачаў забастоўку, бо не выконваюць нашыя патрабаванні. І галоўнае: паводле закону немагчыма звольніць працаўніка за прагулы, не ўзяўшы ў яго тлумачэнняў. А мяне не апытвалі, ніхто з маіх кіраўнікоў нават не пацікавіўся, чаму мяне не было на працоўным месцы. І гэта парушэнне закону. Таму я лічу звальненне незаконным, і калі яго не скасуюць, звярнуся ў суд», — сказаў Глеб Сандрас.
Паводле звестак Глеба Сандраса, у сувязі са звальненнем некалькіх удзельнікаў страйку і пазбаўленнем страйкоўцаў прэміі, якая выплачваецца да Дня шахтара, Незалежны прафсаюз гарнякоў Белкалія рыхтуе прадстаўленне ў адміністрацыю прадпрыемства аб парушэнні адміністрацыяй калектыўнай дамовы.
«Таксама рыхтуецца заява аб тым, што прафсаюз усімі законнымі захадамі будзе адстойваць правы працаўнікоў, якія зведалі спагнанні і звальненне», — паведаміў Глеб Сандрас.
Паводле звестак Глеба Сандраса, 25 жніўня на пляцоўках 1-га рудаўпраўлення не працавалі 23 рабочыя, сёння ў спісе страйкоўцаў 20 прозвішчаў.