Пісьменнік Салман Рушдзі часткова аслеп пасля нападу

Пасля нападу, у выніку якога Салман Рушдзі атрымаў некалькі нажавых раненняў, яго стан здароўя значна пагоршыўся.

Салман Рушдзі. Фота: «Associated Press»

Салман Рушдзі. Фота: «Associated Press»


Сусветна вядомы пісьменнік, намінант на Нобелеўскую прэмію Салман Рушдзі ў жніўні перажыў напад, у выніку якога ён атрымаў тры раненні ў шыю і 15 — у грудзі і тулава. Два дні пісьменнік знаходзіўся на апараце ШВЛ. Як паведаміў яго літаратурны агент Эндру Уайл, праз некалькі месяцаў пасля перажытага Рушдзі часткова аслеп: ён перастаў бачыць на адно вока. Таксама стала вядома, што адна рука пісьменніка страціла рухомасць праз тое, што ў ёй былі перарэзаны нервы.


Нагадаем, 75-гадоваму аўтару сусветна вядомага рамана «Дзеці поўначы» больш за 30 гадоў пагражалі расправай з-за іншага яго твора — «Сатанінскія вершы»: вобраз прарока Мухамеда ў ім некаторыя мусульмане палічылі блюзнерскім. У 1989 годзе вярхоўны лідар Ірана аятала Рухола Хамейні выдаў указ, які патрабуе смерці аўтара, і хоць у апошнія гады Іран не надаваў асаблівай увагі Рушдзі, указ усё яшчэ застаецца ў сіле. Акрамя таго, за забойства пісьменніка абвешчана ўзнагарода, памер якой паступова набліжаецца да 4 мільёнаў долараў.
У жнівеньскім нападзе, які здзейсніў 24-гадовы Хадзі Матар, іранскія ўлады абвінавацілі самога пісьменніка.


«Салман Рушдзі наклікаў на сябе гнеў і лютасць народа, абразіўшы святасць ісламу і перайшоўшы чырвоныя лініі больш чым для 1,5 мільярда мусульман, а таксама чырвоныя лініі паслядоўнікаў усіх рэлігій», — заявіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Ірана Насер Канаані.