«Гэтая аперацыя з'яўляецца інфармацыйна-псіхалагічнай атакай на ўсю дэмакратычную супольнасць»

Семінар для беларусаў Варшавы «Бяспечная Беларусь. Формы і метады абароны грамадства» быў аперацыяй КДБ. Палітолаг Павел Усаў у сваім тэлеграм-канале разгорнута тлумачыць, на каго была разлічаная аперацыя і як павінны рэагаваць лідары апазіцыі. 

Павел Усаў

Павел Усаў

СМІ ўжо аббегла навіна пра «доўгія рукі» КДБ, якія пралезьлі нават на закрытую Zoom сустрэчу-сэмінар па бясьпецы.

З аднаго боку, гэты "выпадак" (хаця і не першы), канешне, сьведчыць пра тое, што вораг не сьпіць і будзе надалей дзейнічаць у такім фармаце. За 2023 год, гэта ўжо другая даволі пасьпяховая і рэзанансная акцыя КДБ у кірунку інфармацыйнай дыскрэдытацыі беларускай апазіцыі. Раней, у такім жа фармаце, на вуду трапіла Вольга Кавалькова, якая вяла перамовы з расейскім "алігархам".

Зь іншага боку, апошняя апэрацыя — зьяўляецца інфармацыйна-псіхалагічнай атакай на ўсю дэмакратычную супольнасьць. Гэта не інфільтрацыя, не сабатаж апазіцыйных структур, а стварэньне псіхалагічнай напружанасьці ў дэмсупольнасьці і паралізаваньне яе актыўнасьці. Безумоўна, гэта ключавы пункт у супрацьстаяньні двух бакоў. Магчыма, ідзе стварэньне вобразу інфантыльнасьці і бездапаможнасьці апазыцыйных структур, зь якіх робяць клоўнаў.

Глядзіце таксама

Так ці інакш, сітуацыя, якая склалася з Алегам Аксёнавым і "моладзевым хабам", патрабуе даволі глыбокага аналізу.

Апазыцыйныя «арыстакратыя» і «пралетарыят»

Перш за ўсе трэба даць псіхалагічны партрэт беларускай супольнасьці, якая апынулася за мяжой пасьля 2020 году.

Фактычна мы маем дачыненьне з працэсам сацыяльна-палітычнага расслаеньня дэмакратычнай супольнасьці на дзьве вялікія групы, гэта: новая апазыцыйная "арыстакратыя" і апазыцыйны "пралетарыят". (Адразу прашу не шукаць нічога прынізьлівага ў гэтым слове, гэта толькі ўмоўная сацыяльная дэфініцыя і выключна маё разуменьне сітуацыі).

Апазыцыйная арыстакратыя  ўключае ў сябе асобных палітычных лідэраў, кіраўнікоў фондаў, асобных грамадска-палітычных структур, уласны апазыцыйны наменклатурны апарат. Гэты слой не шматлікі і знаходзіцца ў больш-менш камфортных матэрыяльных умовах, са статусам і прызнаньнем.
Матэрыяльнае забеспячэньне, дзякуючы пазіцыям у структурах (з розных крыніц) дае йм магчымасьць прафесійна займацца апазіцыйнай дзейнасьцю, а міжнароднае "прызнаньне", паездкі ўмацоўваюць іх псіхалагічны камфорт і статус, асабліва ў параўнаньні з тым, што яны мелі да рэвалюцыі 2020 году.

Немалая колькасьць прадстаўнікоў "арыстакратыі", якая фармуецца, так захопленыя добрым жыцьцем, што дазваляюць рэгулярна выкладаць прыгожыя здымкі са сваіх нятанных падарожаў па сьвеце, з пляжаў і рэстарацый, з самітаў і прыемаў. Гэта пашырае разрыў з апазыцыйным пралетарыятам, тымі людзьмі, што засталіся ў краіне, так і большасьцю тых, хто апынуўся за мяжой.

Апазыцыйны пралетарыят. За аснову ў фарміраваньні вобразу пралетарыяту можна ўзяць таго ж сп. Аксёнава. Збольшага "апазыцыйны пралетарыят", гэта людзі, якія вымушаны цяжка працаваць, каб пракарміць сябе і сям'ю, немалую частку заробкаў траціць на пражываньне. Фактычна яны не могуць займацца палітыкай (ды і якой формай палітыкі гэтыя людзі маглі б займацца (асноўная дзейнасьць засяроджана ў руках арыстакратыі). Збольшага не хапае часу, хаця і яны могуць схадзіць на мітынгі, сустрэчы, семінары. Але і такая актыўнасьць паступова спадае.

Нярэдка гэта людзі, якія ўжо фізічна і псіхалагічна стомленыя, расчараваныя, пакінутыя сам на сам са сваімі праблемамі. Без веры ў перамены і растучым недаверам да палітычнай "арыстакратыі".

Тут неабходна дадаць, што шмат прадстаўнікоў пралетарыяту страцілі свой сацыяльны статус (у параўнаньні з тым, што мелі да падзей 2020 году, што ўзмацняе іх псіхалагічныя фрустрацыі), а таксама апынуліся ў сітуацыі незапатрабаванасьці.
Нельга выключаць тое, што сярод апазыцыйнага пралетарыяту (ды і арыстакратыі, хоць у меншай ступені), ёсьць нямала тых, хто хацеў бы перагарнуць старонку.
Толькі палітычны фундаменталізм рэжыму Лукашэнкі ўтрымлівае ў людзей ненавісьць да яго, нават сярод тых, хто аслаб духам.
Канешне, застаецца шмат тых, хто жыве Ідэяй, і таму якой бы цяжкой не было жыцьцё ў выгнаньні, яны будуць працягваць барацьбу.

Ведаючы сітуацыю ў апазіцыйным серадовішчы, спецслужбы Лукашэнкі з лёгкасьцю могуць гэта выкарыстоўваць, асабліва вывучыўшы асобныя профілі людзей: іх жаданьні, слабасьці, фрустрацыі. Прыклад Кавальковай — прэстыж і грошы, яскрава гэта паказаў.

Аксёнава злавілі на высокай мэце: "місіі", пачуцьці справядлівасьці, павышэньню статусу (не бяруся даваць маральнай ацэнкі чалавеку ў цэлым), ну і магчымасьці трошкі зарабіць (хаця заробак, як мне думаецца, павінен быў быць выкарыстаны для далейшай вярбоўкі).

Прынадай для Аксёнава было тое, што "замежнікі" нібы адчуваюць, што грошы, якія выдзяляюцца на барацьбу, могуць раскрадацца прадстаўнікамі палітычнай арыстакратыі. Менавіта гэты наратыў сёньня адзін з распаўсюджаных у дэмакратычнай супольнасьці. А дэманстрацыя "добрага жыцьця" апазіцыйнай арыстакратыі ўзмацняе гэтае бачаньне сярод людзей. І Аксёнаў сьмела ўзяўся з гэтую працу. 

Глядзіце таксама

Большасьць з такіх людзей як Аксёнаў ніколі не сутыкалася з практыкамі спецслужбаў, імі лёгка маніпуляваць і выкарыстоўваць. Гэта таксама паказалі 3 гады дзейнасьці апазіцыі і шматлікія скандалы з выцекамі інфармацыі, нават з закрытых сустрэч.

Сітуацыя ўскладняецца і праз адсутнасьць контрвывядоўчых структур у апазыцыі.

Сваю негатыўную псіхалагічную ролю гуляе і высьмейваньне тэзаў як паранаідальных, пра тое, што апазіцыйныя структуры могуць быць нашпігаваныя агентамі. Гэта прытупляе ўвагу і чуйнасьць ў ацэнцы сітуацыі і стварэньні механізмаў супрацьдзеяньня.

Варта дадаць, што і самыя цэнтральныя апазыцыйныя структуры імкнуцца прыхаваць інфармацыю пра праблемы зь бясьпекай, пра правалы і злівы, якія сталіся ў выніку дзейнасьці службаў Лукашэнкі, як гэта было з ЧКБ. Калі ж інфармацыя ўсплывае, то замест таго, каб прааналізаваць сітуацыю і стварыць контрсістэмы, узмацніць уласную бясьпеку, гэтыя скандалы заціраюцца і хутка зьнікаюць з памяці. З часам сітуацыя паўтараецца, і ў выніку церпяць простыя людзі.

Таму шмат людзей проста не ведаюць, як актыўна працуе КДБ і ГУБАЗіК, не ведаюць і не разумеюць, якім чынам можна супрацьстаяць падобным уплывам, як і не ствараюцца механізмы па контрдзейнасьці.

«Аксёнаў ня быў агентам КДБ у клясычным сэнсе гэтага слова»

Але вернемся да сітуацыі з Аксёнавым. Ён ня быў агентам КДБ у клясычным сэнсе гэтага слова, ня быў завербаваны наўпрост (яго выкарысталі). Дапускаю, што ён не пагадзіўся б на супрацоўніцтва, калі б ведаў, што за акцыяй стаіць лукашэнкаўская бясьпека. Думаю, што КДБ і не зьбіралася яго завербаваць, але мэтанакіравана стварала інфармацыйную бомбу для апазіцыі (упэўнена, што не апошнюю), таму наўпрост яго злілі падчас мерапрыемства. Зь якой мэтай?

Першае. Стварыць ілюзію, што КДБ паўсюль, што ўсё пра ўсіх ведае, што мае сетку інфарматараў. Дзеля таго, каб узмацніць эфект, напрыканцы "праграмы" прапагандыст Тур зачытаў цэлы сьпіс людзей з розных мерапрыемстваў, якія можна знайсьці ў любой аб'яве і на старонках СМІ.

Другое. Узмацніць недавер паміж асобнымі актывістамі і структурамі і паказаць іх неэфектыўнасць у барацьбе з сістэмай. Магчыма, што псыхалягічная атака зьменшыць колькасьць людзей, ахвочых ды апазіцыйных мерапрыемстваў. Раней КДБ і ГУБАЗіК дэманстравалі запісы з закрытых апазіцыйных відэа-канферэнцый;

Трэцяе. Асноўным аб'ектам уздзеяння гэтага добра падрыхтаванага ШОУ павінна была і стала беларускае грамадства, якому прадэманстравалі "сілу і эфектыўнасць КДБ". Таксама такія шоу служаць унутранай ідэалагічнай кансалідацыі наменклатуры і бюракратычнага апарату. Таксама ўздзеянне на палітычна "вагаючыхся" не трэба зьвязвацца з апазыцыяй.

Чацьвертае. Апошнім часам інфармацыйнае і псіхалагічнае ўздзеянне лукашэнкаўскіх служб павялічылася. Думаю, гэта звязана з надыходзячай "выбарчай кампаніяй". Улады імкнуцца максімальнай нейтралізаваць любыя актыўнасці ў Беларусі і інфармацыйныя ўплывы на грамадзян з-за мяжы. Кампанія 2024 года павінна быць абсалютна стэрыльнай, бо сістэма рыхтуецца да 2025 года.

Што па ідэі павінна была б зрабіць апазіцыя з улікам гэтага ды іншых выпадкаў?

1. Правядзеньне агульнай інфармацыйнай кампаніі па бясьпецы і супрацьдзеяньні лукашэнкаўскім спецслужбам. Мы функцыянуем ва ўмовах вайны (у прамым і пераносным сэнсе), але дэмакратычная супольнасьць не гатова да такога сістэмнага псіхалагічнага і інфармацыйнага супрацьстаяньня.
2. Стварэньне эфектыўнай сістэмы бясьпекі і фактычна контрвыведкі. Сёньня гэты пункт фактычна невыканальны. Той патэнцыял, які быў мабілізаваны ў 2020 годзе ў структуры ByPol, цалкам вычарпаны. Шмат тых, хто мог бы стварыць патрэбную сістэму, увайшоў у катэгорыю апазіцыйнага пралетарыяту. Структура развалілася, давер да дзьвюх суб-структур зьнізіўся. Зразумела, што апазіцыі супрацьстаіць зладжаны, моцна цэнтралізаваны апарат, з дастатковым фінансаваньнем і вопытам. Пасьля 2020 году гэта апарат быў вычышчаны і стаў больш кансалідаваным і адданым "новаму парадку". Прадстаўнікі гэтага апарату лічаць асновай гэтага парадку. Стварыць альтэрнатыўную структуру такога ўзроўню практычна немагчыма. Але ў такім выпадку ў доўгатрэрміновым супрацьстаяньні з сістэмай апазіцыя прайграе.
3. Правядзеньне падобных ІПСО ў дачыненьні да сістэмы. Гэтым павінны былі б займацца адпаведныя структуры, але йх няма.
4. Узмацненьне маральнага і ідэлагічнага духу ўнутры дэмсупольнасьці, стварэньне "новага палітычнага кантракту". Перш за ўсе, гэта павінна адбыцца праз маральнае аднаўленьне апазіцыйных структур (празрыстасьць, адказансьць, сьціпласьць, дэмакратычнасьць). Пазбяганьне непатрэбнага пазыцыянаваньня "ўдалага жыцьця" прадстаўнікамі палітычнай арыстакратыі. З сацсетак павінны зьнікнуць здымкі з пляжаў, самалетаў, нью-йёркаў, лонданаў, парыжаў.
5. Сістэмная дапамога "апазыцыйнаму пралетарыяту", якая павінна сыходзіць з разуменьня таго, у якім стане знаходзіцца большасьць прадстаўнікоў беларускай эміграцыі (у тым ліку псіхалагічна-маральным). Ведаю, што ёсьць розныя ініцыятывы, якія рэалізуюць актыўнасьць і аказаньне гуманітарнай і маральнай дапамогі, але гэтая прастора вельмі сэгментавана. Магчыма, патрэбны больш цэнтралізаваны падыход.