Народ Украіны і Уладзімір Зяленскі атрымалі прэмію імя Андрэя Сахарава

Еўрапарламент узнагародзіў Украіну, яе народ і прэзідэнта прэміяй «За свабоду думкі».

zialensky.jpg


«Адважнаму ўкраінскаму народу, прадстаўленаму прэзідэнтам краіны, абранымі лідарамі і грамадзянскай супольнасцю», — такімі словамі Еўрапарламент звярнуўся да сёлетніх лаўрэатаў прэміі «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава.
Прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Мецола заявіла, што ўкраінцы сёння змагаюцца за каштоўнасці, у якія шчыра вераць.
«Для мяне важна сказаць, што з гэтай нагоды ў Канферэнцыі прэзідэнтаў быў кансэнсус. За апошнія дзевяць месяцаў Еўрапарламент і ўвесь свет убачылі, як украінцы гераічна абараняюць сваю краіну, сваю волю, свае хаты і сем'і, — сказала яна. — Але народ Украіны рызыкуе жыццямі і дзеля Еўропы — каб абараніць каштоўнасці, у якія мы верым: свабоду, дэмакратыю і вяршэнства закону.
Ніхто не заслугоўвае гэтай прэміі больш. Яна прызначаная і тым украінцам, якія ваююць на фронце, і тым, хто быў вымушаны бегчы, і тым, хто страціў родных і сяброў. Усім, хто ўздымаецца на барацьбу за тое, ува што верыць. Я ведаю, што адважны народ Украіны не здасца. Не здамося і мы».
Сёлета Украіна, народ Украіны і прэзідэнт Зяленскі займалі ў спісе намінантаў тры з сямі пазіцый. Еўрапейская народная партыя, намінуючы Украіну на гэтую прэмію, растлумачыла свой выбар так: «Украінцы штодня абараняюць еўрапейскія каштоўнасці на палях бітваў і вартыя гэтай узнагароды».
Сярод намінантаў быў таксама заснавальнік «Wikileaks»Джуліян Асанж, забітая на Заходнім беразе Ярдана журналістка «Аль-Джазіры» Шырын Абу Акле, Калумбійская камісія па ўстанаўленні ісціны і прымірэння пасля шасці дзесяцігоддзяў грамадзянскай вайны і бразільская праваабаронца Соня Гуажажара.
Прэмія імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» прысуджаецца штогод і лічыцца галоўнай праваабарончай узнагародай ЕС. Яна была заснаваная Еўрапарламентам у 1988 годзе, яе даюць людзям і грамадскім арганізацыям «за выключны ўклад у барацьбу за свабоду думкі, правы чалавека па ўсім зямным шары». Грашовы эквівалент прэміі — 50 тысяч еўра.
У гэтым годзе гэтыя сродкі будуць размеркаваныя паміж прадстаўнікамі ўкраінскай грамадзянскай супольнасці. Цырымонія ўзнагароджвання пройдзе 14 снежня ў Страсбургу.
Нагадаем, у 2020 годзе прэміяй імя Андрэя Сахарава Еўрапарламент узнагародзіў беларускую дэмакратычную апазіцыю, прадстаўленай Каардынацыйнай Радай. У цырымоніі ўзнагароджання тады ўзялі ўдзел Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала, Алесь Бяляцкі і Сцяпан Пуціла.