Польскі аналітык: «Беларусь можна ўспрымаць як працяг тэрыторыі РФ»

Тое, як на Беларусь глядзяць нашы суседзі, вельмі важна ў цяперашняй сітуацыі: гэта паказвае на тое, ці ёсць увогуле ў беларусаў шанцы на рэальную дапамогу з Захаду. Але пакуль ва ўладзе Лукашэнка, выглядае на тое, што шанцаў няма.

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»

Ілюстрацыйнае фота: «Associated Press»

Праектаванне шчыта «Усход» — 800-кіламетровай лініі ўмацаванняў на граніцы Польшчы з Беларуссю і Расіяй — завершана. Кошт яго будаўніцтва ацэньваецца ў 10 мільярдаў злотых. Узвядзенне пачнецца ўжо сёлета. Краіны Балтыі і Фінляндыя таксама ўдзельнічаюць у агульных з Польшчай намаганнях па забеспячэнні бяспекі ўсходніх межаў ЕС.

У сваім пасланні Сейму Польшчы 16 кастрычніка прэзідэнт краіны Анджэй Дуда падкрэсліў, што задачай урада з'яўляецца забеспячэнне бяспекі, прычым не толькі ваеннай, але і энергетычнай, медыцынскай і харчовай. Міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі згодны з Анджэем Дудам у тым, што «бяспека на дадзены момант з'яўляецца ключавым пытаннем у польскай палітыцы», піша «Польскае радыё».

Філіп Брыйка, аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз Польскага інстытута міжнародных адносінаў, займаецца пераважна расійскай дэзінфармацыяй і нерэгулярнымі ўзброенымі фарміраваннямі. Гаворачы пра міграцыйны крызіс, выкліканы на граніцы Польшчы рэжымам Лукашэнкі, эксперт адзначае, што да гэтых гібрыдных дзеянняў мае дачыненне і рэжым Пуціна.

 — Я б не стаў аддзяляць Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі ад Расіі, таму што рашэнні, якія прынялі ўлады гэтых дзяржаў у апошнія гады адносна інтэграцыі, асабліва ў ваенным вымярэнні, але і ў пэўнай ступені ў эканамічным і палітычным, дэ-факта даказваюць, што Беларусь можна ўспрымаць як працяг тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Асабліва гэта праяўляецца ў ваеннай сферы, напрыклад, у выкарыстанні тэрыторыі Беларусі для агрэсіі супраць Украіны.

Пэўную аўтаномію і ўласную рыторыку рэжым Лукашэнкі захоўвае. Аднак, калі размова ідзе пра пытанні стратэгіі і бяспекі, — гэта рашэнні, навязаныя Расіяй Беларусі. Яе можна ўспрымаць як свайго роду «субпадрадчыка» задач, пастаўленых Крамлём.

Аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз Польскага інстытута міжнародных адносінаў адзначае, што рэжым Лукашэнкі разам з рэжымам Пуціна выкарыстоўвае мігрантаў для дэстабілізацыі сітуацыі на граніцы з Польшчай.


Глядзіце таксама

— Гэты крызіс мае, вядома, сваю дынаміку. Бываюць перыяды, калі спроб нелегальнага перасячэння мяжы было значна менш, што звычайна звязана з умовамі надвор'я. Але, напрыклад, перад выбарамі ў Еўрапарламент мы назіралі значны рост нелегальнай міграцыі, а таксама напады груп асоб на асобныя кропкі на граніцы.

Філіп Брыйка мяркуе, што крызіс на граніцы быў выкліканы штучна, каб дэстабілізаваць унутраную сітуацыю ў Польшчы. А ў выніку гэта павінна было паспрыяць актывізацыі прарасійскіх сіл у РП і ЕС.

— Гэта асяроддзі, якія, з аднаго боку, спрыяюць Маскве і часта паўтараюць яе рыторыку, а з другога боку, таксама выкарыстоўваюцца расійскімі спецслужбамі для інфільтрацыі ў дзяржструктуры ЕС. Красамоўны прыклад — дэпутат Еўрапарламента ад Латвіі Таццяна Жданок, якая шмат гадоў працуе на расійскія спецслужбы.

Сапраўды, у ЕС, у тым ліку ў Польшчы, пражываюць уласныя грамадзяне з прарасійскімі поглядамі, як тая ж Жданок. Сімпатыкаў рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна не бракуе сярод выхадцаў з былога СССР. Ці не ўяўляюць яны пагрозы ўнутранай бяспецы?

— Ні адзін урад краін ЕС не мае намераў і мэтаў рэгуляваць думкі ўсіх сваіх грамадзян — у гэтым перавага дэмакратычных дзяржаў перад аўтарытарнымі. У нас ёсць свабода слова, у нас ёсць свабода палітычных поглядаў, і гэта наш здабытак. Але, вядома, у сітуацыі, калі гэтыя погляды суправаджаюцца таксама дзеяннямі, якія з пункту гледжання закону забаронены — напрыклад, дзейнасцю ў інтарэсах знешняй выведкі або ажыццяўленнем нават нязначных дыверсій у выглядзе нанясення графіці, разбурэння помнікаў ці іншых дзеянняў, то, вядома, яны павінны быць прааналізаваны.

Філіп Брыйка ўпэўнены, што сацыяльна-палітычная, эканамічная мадэль Еўрапейскага саюза ў цэлым значна больш прывабная, чым тое, што прапануе РФ.


Глядзіце таксама

— Якасць жыцця на тэрыторыі Еўрасаюза значна вышэйшая, чым у Расіі. Там, калі не лічыць Масквы ці Санкт-Пецярбурга і, магчыма, некалькіх іншых буйных гарадоў, на самой справе існуюць вельмі сур'ёзныя праблемы з якасцю бытавых паслуг, нават у доступе да каналізацыі ў дамах.

Аналітык па пытаннях гібрыдных пагроз Польскага інстытута міжнародных адносінаў не сумняваецца, што ЕС мае сілы, каб супрацьстаяць гібрыдным атакам рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі.

— ЕС мае soft power: тое, што прапануе сваім грамадзянам, настолькі прывабна, што яно само па сабе здольна карэктаваць меркаванне людзей, якія з нейкіх прычын маюць прарасійскія сімпатыі. Але лепш за ўсё, на мой погляд, на некарысць Расіі працуе яна сама. Яна ажыццяўляе жудасныя злачынствы супраць нацыі, якая на працягу многіх гадоў тэарэтычна лічылася «братэрскай». Мы бачым, што заявы пра «братэрства» былі галаслоўнымі. А на самой справе Расія імкнулася да дамінавання і тэрытарыяльнай экспансіі.