Вольгу Мікалайчык аштрафавалі завочна
Вольгу Мікалайчык завочна аштрафавалі на 2 мільёны. За што рэжысёрка ды актывістка апазіцыі атрымала такі штраф — невядома. Пра гэта яна напісала ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

«Атрымала вельмі цікавы «ліст шчасця». Першамайскі суд даслаў. Суддзя Логвін Людміла (мне напісала ў позве, што я не аплаціла нейкі штраф у 2.250.000 рублёў. Наколькі я памятаю, у Першамайскім судзе ні адна мая справа не разглядалася, але чамусьці, калі я не аплачу гэтую суму, мяне не выпусцяць за мяжу», — піша яна.
Прычына штрафу ў позве не пазначаная.
Нагадаем, 29 красавіка рэжысёрку затрымалі каля амбасады Расійскай Федэрацыі, калі яна і актывістка Кацярына Садоўская праводзілі перфоманс супраць прыезду байкераў з клуба «Начныя ваўкі» ў Беларусь.