Адбыўся выбух каля амбасады Расіі ў Кабуле. Загінулі дзясяткі, у тым ліку расійскі дыпламат
У раёне Кабула, дзе размешчаны будынак амбасады Расіі ў Афганістане, адбыўся выбух, паведамляе «Al Arabiya News». Адзначаецца, што тэрарыст-смяротнік падарваўся каля брамы будынка расійскай дыпмісіі.
![auhanistan.jpg auhanistan.jpg](/img/v1/images/auhanistan.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Па даных агенцтва са спасылкай на мясцовую паліцыю, тэрарыст-смяротнік быў застрэлены ахоўнікамі талібаў.
Як перадае іншае афганскае агенцтва, «Peshgo News», у Twitter, у выніку выбуху загінула больш за 20 чалавек. Таксама адзначаецца, што выбух адбыўся, калі расійскі дыпламат выйшаў з амбасады за дакументамі кабульскіх грамадзян.
Мясцовыя жыхары паведамілі, што на месца выбуху скіроўваецца вялікая колькасць машын хуткай дапамогі.
У жніўні 2021 года рух «Талібан» захапіў Кабул і заявіў аб заканчэнні вайны з урадавымі войскамі. У ноч на 31 жніўня амерыканскія ваенныя пакінулі кабульскі аэрапорт, паклаўшы канец амаль 20-гадовай ваеннай прысутнасці ЗША ў Афганістане.
![Талібы святкуюць гадавіну захопу ўлады ў Афганістане Талібы святкуюць гадавіну захопу ўлады ў Афганістане](/img/v1/images/afhanistan_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Раней у Афганістане адбыўся выбух у мячэці, размешчанай у правінцыі Герат. У выніку выбуху загінулі 20 чалавек, у тым ліку імам мячэці. Адзначаецца, што сама меней пацярпелі 23 чалавекі. Мяркуецца, што выбух учыніў тэрарыст-смяротнік.
![Выбух у мячэці Кабула: 21 чалавек загінуў Тэрарыст-смяротнік узарваў бомбу ў мячэці Кабула. Больш за 20 чалавек загінулі](/img/v1/images/2021_10_03t091522z_1955774112_rc242q9v061y_rtrmadp_3_afghanistan_conflict.jpg.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Пакуль ніводная арганізацыя не ўзяла на сябе адказнасць за выбух.