Кітай адмовіў Расіі ў пастаўках авіязапчастак
Кітай адмовіў расійскім авіякампаніям у пастаўках авіязапчастак, паведаміў начальнік упраўлення падтрымання лётнай прыдатнасці паветраных судоў Расавіяцыі Валерый Кудзінаў.

Паводле яго слоў, Расія плануе шукаць магчымасці паставак авіяцыйных запчастак у Турцыі, Індыі і іншых краінах, перадае АФН са спасылкай на Інтэрфакс.
«Мы далі даручэнне, каб сама авіякампанія вызначала, дзе ў яе ёсць магчымасці атрымаць гэтыя запчасткі. Наколькі я ведаю, такая інфармацыя прайшла, што звярнуліся ў Кітай, напрыклад, — і кітайцы адмовілі», — сказаў Кудзінаў журналістам на канферэнцыі MRO Russia & CIS.
«Будзем шукаць праз іншыя краіны. Магчыма, праз нашых партнёраў — праз туркаў, можа быць, праз Індыю. Кожная кампанія будзе сама дамаўляцца — мы проста будзем дапамагаць гэтыя запчасткі легалізаваць», — адзначыў Кудзінаў.
Еўрасаюз 26 лютага ўвёў санкцыі, якія забараняюць пастаўкі ў Расію грамадзянскіх самалётаў і запчастак, а таксама іх тэхабслугоўванне і страхаванне. Акрамя таго, санкцыі абавязваюць лізінгадаўцаў разарваць да канца сакавіка дзейныя кантракты з авіякампаніямі.