Колькасць ахвяр землятрусу ў Турцыі і Сірыі перавысіла 4310 чалавек
На большай частцы поўдня Турцыі і поўначы Сірыі ўсю ноч працягвалася выратавальная аперацыя пасля двух магутных землятрусаў, у выніку якіх загінула больш за 4310 чалавек.
Першы землятрус магнітудай 7,8 адбыўся ў 04:17 па мясцовым часе 6 лютага, ачаг залягаў на глыбіні 17,9 км паблізу горада Газіянтэп на паўднёвым усходзе Турцыі. За ім услед больш за 40 афтэршокаў.
Затым прыкладна ў 13:30 па мясцовым часе адбыўся другі землятрус магнітудай 7,5. Яго эпіцэнтр знаходзіўся ў раёне Эльбістан у
паўднёва-ўсходнім турэцкім рэгіёне Кахраманмараш.
Ахвярамі землятрусу сталі больш за 4310 чалавек. Толькі ў
Турцыі пасля першага землятрусу загінула больш за 2900 чалавек, больш за 15 000
атрымалі раненні. У суседняй Сірыі загінула больш за 1400 чалавек.
Усю ноч у абедзвюх краінах працягвалася выратавальная аперацыя па пошуку людзей, якія апынуліся пад заваламі пасля абвальвання тысяч будынкаў.
Краіны, уключаючы ЗША і Паўднёвую Карэю, адпраўляюць у
рэгіён дапамогу пасля таго, як Турцыя звярнулася да свету з такім заклікам.
Прэзідэнт Чырвонага Паўмесяца Керэм Кінік папрасіў людзей не ездзіць на сваіх аўтамабілях у зоны землятрусу, каб аказаць гуманітарную дапамогу. Бяспечней прывозіць коўдры, цёплую вопратку і абутак у
пункты збору, адкуль потым яна будзе дастаўлена ў пацярпелыя рэгіёны.
«Аўтамабілі праваліліся ў 50-метровы разлом на дарозе.
На дарогах снег і галалёд», — папярэдзіў ён.
Маразы, снег і дождж абцяжарваюць пошук тых, хто выжыў пад
абломкамі паваленых будынкаў. Паводле слоў відавочцаў, яны чуюць галасы пахаваных
пад руінамі людзей.
Адзін мужчына ў
Хатаі, правінцыі на
поўдні Турцыі, у слязах апісваў агенцтву «Reuters» пакутлівае чаканне ратавальнікаў.
«Яны крычаць, яны кажуць "Ратуйце нас", але мы не можам іх выратаваць... З раніцы тут ніхто не з'явіўся», — распавёў жыхар Хатая.
Паводле BBC.