Раскамнагляд хоча закрыць ужо закрытую «Новую газету»

Раскамнагляд звярнуўся ў суд з патрабаваннем прызнаць пасведчанне аб рэгістрацыі «Новай газеты» несапраўдным. Паведамленне аб пазове Раскамнагляду з'явілася ў базе маскоўскіх судоў.

888_7aebf9c3bc54.jpg


Матэрыялы справы зарэгістраваныя 26 ліпеня і 27 ліпеня, адказчык «ЗАТ “Выдавецкі дом “Новая газета”», гэта значыць заснавальнік выдання, якое выходзіць з 1993 года.

Ёсць два пазовы, па аднаму з іх ужо прызначанае пасяджэнне суда, патлумачыла Бі-бі-сі прадстаўніца «Новай газеты» Надзея Прусянкова.

«Пасяджэнне прызначанае па пазове аб адкліканні рэгістрацыі ў сайта газеты www.novayagazeta.ru. учора атрымалі апавяшчэнне, непрыемна здзівіліся, але па фармальных прыкметах яны маюць на гэта права. Сайт яны пазбаўляюць рэгістрацыі пасля двух папярэджанняў ад Раскамнагляду, якія мы атрымалі ў сакавіку перад тым, як “Новая газета” прыпыніла сваю працу. Ілюзій наконт айчыннага судаводства мы не маем, але ў суд пойдзем», — сказала яна.

Другі пазоў — аб адкліканні пасведчання аб рэгістрацыі друкаванага выдання. Ён зарэгістраваны ў Басманным судзе Масквы некалькі дзён таму, ніякіх апавяшчэнняў аб ім рэдакцыя пакуль не атрымлівала, дадала Прусянкова.

«Новая газета» была створана ў 1993 годзе групай журналістаў (Дзмітрый Муратаў, Сяргей Кушняроў, Павел Вашчанаў, Акрам Муртазаеў, Дзмітрый Сабаў і інш.), якія сышлі з «Камсамольскай праўды» і стварылі сваё выданне пад назвай «Новая штодзённая газета». Міхаіл Гарбачоў, даўні партнёр выдання, у 1993 годзе на частку сродкаў ад сваёй Нобелеўскай прэміі купіў 8 кампутараў для гэтай групы з 30 журналістаў.

Галоўны рэдактар газеты Дзмітрый Муратаў у 2021 годзе быў уганараваны Нобелеўскай прэміяй міру за «намаганні па захаванні свабоды думкі як абавязковай умовы для дэмакратыі і міру». 22 сакавіка 2022 года Дзмітрый Муратаў і калектыў газеты прынялі рашэнне перадаць Нобелеўскі Медаль прэміі міру 2021 года ў фонд дапамогі ўкраінскім бежанцам.

28 сакавіка 2022 года газета абвясціла аб прыпыненні працы да заканчэння ўварвання Расіі ва Украіну. У красавіку 2022 года было запушчана новае выданне — «Новая газета. Еўропа»; у тым жа месяцы яно было заблакаванае Раскамнаглядам.