ЗША адмяняюць COVID-тэсты для замежных авіяпасажыраў
Злучаныя Штаты позна ўвечары ў пятніцу адмянілі 17-месячнае патрабаванне аб тым, каб у людзей, якія прыбываюць у краіну паветраным транспартам, быў адмоўны вынік тэсту на COVID-19.
Дырэктарка Цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў (CDC) ЗША Рашэль Валенскіпадпісала загад аб адмене неабходнасці кавід-тэставання для авіяпасажыраў, заявіўшы, што «ў цяперашні час у гэтым няма неабходнасці».
Гэтае патрабаванне было адным з апошніх асноўных патрабаванняў да паездак у ЗША з-за COVID-19. Яго канец надыходзіць з пачаткам летняга турыстычнага сезону, і авіякампаніі ўжо рыхтаваліся да рэкорднага попыту.
Сакратар Міністэрства аховы здароўя і сацыяльных службаў ЗША Ксаўер Бесера заявіў, што гэтае рашэнне будзе перагледжана праз 90 дзён.
Са студзеня 2021 года Злучаныя Штаты патрабавалі ад міжнародных авіяпасажыраў здаваць адмоўныя тэсты перад вылетам. У снежні правілы сталі больш жорсткімі: тэст павінен быў быць здадзены на працягу аднаго дня перад вылетам у Злучаныя Штаты, а не за тры дні.
Пры гэтым пры перасячэнні сухапутных межаў ЗША тэставання не патрабавалася.