Беларуская амбасада ў Берліне адмовіла ў консульскай падтрымцы грамадзяніну РБ
Пра гэты факт распавёў у фэйсбуку першы амбасадар Беларусі ў Германіі Пётра Садоўскі. Ён адзначыў, што нябожчык не меў ніякага дачынення да падзей 2020 года ў краіне.
З этычных меркаванняў Пётра Садоўскі не называе прозвішча памерлага, але паведамляе, што ён легальна жыў і працаваў у Германіі. Да яго звярнулася былая жонка нябожчыка, якая атрымлівала аліменты ад яго на пяцігадовае дзіця, яна папрасіла былога амбасадара перакласці тэкст заключэння пра факт смерці, зробленага ў Берліне паліцыяй.
«З паліцэйскага
пратаколу і даведкі пра факт смерці вынікае, што гр-н N. быў знойдзены мёртвым
у сваім пакоі ў сумесна арэндаванай кватэры суседам, што вярнуўся пасля
навагодніх святкаванняў 2 студзеня 2023 года і паведаміў па тэлефоне ў паліцыю.
Прыбылымі па выкліку службоўцамі ў справах надзвычайных здарэнняў былі
праведзеныя неабходные дзеянні і канстатаваны факт смерці без магчымасці
сфармуляваць прычыну, якая прывяла да ненатуральнага спынення жыцця гр-на N», — распавёў Садоўскі.
Паводле яго слоў, «як тое прадугледжана міжнароднымі пагадненнямі пра аказанне консульскіх паслуг, да якіх Рэспубліка Беларусь далучылася яшчэ на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, паліцыя звязалася з консульскім аддзелам Амбасады РБ з мэтай атрымання консульскай падтрымкі (прысутнасць пры аглядзе дакуметаў, высвятленне ўзаемадачыненняў з працадаўцам, наяўнасць крэдытных і банкаўскіх картак, грашовай гатоўкі, маёмасць, працэс апячатвання жытла, складанне пратаколу, транспартаванне нябожчыка на малую адлегласць і г. д.».
Але, дадаў былы Пётра
Садоўскі, «амбасада, паводле сведчання родных нябожчыка, КАТЭГАРЫЧНА АДМОВІЛАСЯ
выконваць свае службовыя абавязкі».
«У выніку нябожчык знаходзіўся ў моргу з позняга вечара
(23:59) 2-га да 11 студзеня (9 гадзін
раніцы), калі ў моргу Інстытута было зроблена медыцынскае заключэнне без
правядзення ўскрыцця цела, дзе канстатавалася няяснасць прычыны смерці», — адзначыў былы амбасадар.
У выніку ўсе
немалыя выдаткі панеслі родныя памерлага, аплаціўшы прыватнай беларускай фірме
за перавозку нябожчыка ды іншыя фармальнасці. Грамадзяніна N. пахавалі ў Беларусі толькі 19 студзеня, праз 17
дзён пасля смерці.
«Дагэтуль справа да канца не высветленая і не закончаная. Сваякі будуць звяртацца ў МЗС з адпаведнай заявай. Я, карыстаючыся сваім правам як амбасадар у адстаўцы, у сваю чаргу звярнуся ў беларускае МЗС з адпаведным запытам», — падсумаваў Садоўскі.