Рэдактара баранавіцкага выдання Intex-Press пакаралі штрафам за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

Уладзіміра Янукевіча аштрафавалі на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, што ўключаная ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі».

photo_2022_01_25_15_07_53.jpg


Адміністрацыйная справа разглядалася 18 студзеня ў судзе Баранавічскага раёна і г. Баранавічы, перадае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Як патлумачыў Уладзімір Янукевіч, справа тычыцца не выдання Intex-Press, а другога прадпрыемства — ПУП «Цэнтр Рунь», якое займаецца рэкламай.

«Я з’яўляюся дырэктарам і ў ім, і ў ТАА “Выдавеці дом “Інтэкс-прэс”, — распавёў Уладзімір Янукевіч. — Калі падчас ператрусу з гэтых прадпрыемстваў забралі тэхніку, то ў адным планшэце знайшлі нібыта забароненую інфармацыю». У выніку Уладзіміра Янукевіча прыцягнулі да адказнасці як фізічную асобу, хаця паводле матэрыялаў справы ён праходзіў як дырэктар ПУП «Цэнтр Рунь».

Такім чынам, Уладзімір Янукевіч пакараны штрафам памерам 20 базавых велічынь: цяпер гэта складае 640 рублёў. Акрамя таго, паводле рашэння суда, на карысць дзяржавы быў канфіскаваны планшэт.

Рэдактар баранавіцкага выдання кажа, што абскарджваць рашэнне райсуда ён не збіраецца. «У сучасных умовах гэта проста выкінутыя сродкі. А нам трэбна ўтрымаць рэдакцыю, на якую працягваецца ціск», — адзначае Уладзімір Янукевіч.

Нагадаем, напрыканцы 2021 года Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта баранавіцкага выдання Intex-Press. У загадзе міністра Уладзіміра Пярцова, паведамлялася, што прычынай блакіроўкі былі «парушэнні заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі ў частцы размяшчэння інфармацыі, распаўсюд якой забаронены».