У Вольгі Юнкевіч утрымліваюць штраф з грошай па бюлетэні
У Вольгі Юнкевіч, якая ад судовых стрэсаў апынулася ў рэанімацыі з інфарктам, утрымліваюць адміністрацыйны штраф з грошай, якія ёй налічваюць па бюлетэні.
Нагадаем, што 12 мая ў Мінску на плошчы Свабоды разам з іншымі актывістамі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры 72-гадовая працуючая пенсіянерка — былая настаўніца Вольга Юнкевіч — правяла несанкцыянаваны пікет.
Нагадаем, спачатку пенсіянеры накіраваліся ў прыёмную Адміністрацыі прэзідэнта, каб сустрэцца з намеснікам кіраўніка гэтай структуры Валерам Мацкевічам. Аднак, як патлумачылі заяўнікам, ім было адмоўлена ў прыёме, паколькі ўзнятыя грамадзянамі пытанні не ўваходзяць у кампетэнцыю Адміністрацыі прэзідэнта. Пасля такой адмовы пенсіянеры і выйшлі на плошчу Свабоды.
Вольга Юнкевіч трымала плакат: “Адпіскі чыноўнікаў разбурылі маю сям’ю”. Цягам дзевяці гадоў яна дамагаецца справядлівага вырашэння сваёй грамадзянскай справы, у выніку якой яе ўласны дом у Мінскім раёне падзелены на тры кватэры, а грошы, што жанчына павінна была атрымаць за падзел дома, зніклі з дэпазітнага рахунку суда Мінскага раёна. Аднак па гэтаму факту праваахоўнікі адмаўляюцца распачынаць крымінальную справу.
1 чэрвеня суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня аштрафавала Вольгу Юнкевіч на 30 базавых велічынь (630 рублёў). Аднак суд адбылося без удзелу пенсіянеркі. Ні позву ў суд, ні пастанову суддзі жанчына не атрымлівала. Пра суд і штраф пенсіянерка даведалася толькі ад судовых выканаўцаў аддзелу прымусовага выканання Мінскага раёна, якія 8 жніўня наведалі жыллё Вольгі Юнкевіч, каб апісаць яе маёмасць. На адпаведную рэакцыю пенсіянеркі судовыя выканаўцы заявілі: “Не падабаецца — з’язджайце з краіны!”.
“І гэта мяне больш за ўсё абурыла, бо Беларусь — мая радзіма, дзе маі карані і парасткі, дзе я пражыла ўсё жыццё і прапрацавала настаўніцай біялогіі каля 40 гадоў”, — падкрэсліла Вольга Юнкевіч.
І хаця судовыя выканаўцы прыйшлі да высновы, што маёмасць жанчыны апісанню не падлягае, 12 жніўня ад перанесенага стрэсу пенсіянерка захварэла, а 23 жніўня апынулася ў рэанімацыі з інфарктам.
Разам з тым Вользе Юнкевіч, якая хварэе цяпер, было адмоўлена ў разглядзе касацыйнай скаргі на пастанову суддзі Вікторыі Шабуні, бо старшыня суда Цэнтральнага раёна Юры Лебедзь вярнуў жанчыне гэтую скаргу.
У выніку з хворага чалавека пачалі ўтрымліваць штраф з тых грошай, што налічваюцца па бюлетэню.
У каментары “Новаму Часу” юрыстка Тамара Сяргей падкрэсліла: чыноўнікі настолькі адчуваюць сваю непакаранасць, што нават не лічаць неабходным выконваць фармальнасці — належным чынам выклікаць грамадзяніна ў суд, даць яму мажлівасць абскардзіць судовае рашэнне. “Уладам трэба адно — як мага хутчэй забраць у чалавека грошы”, — зазначыла юрыстка.