За заклікі да забастоўкі на «Гомсельмашы» — год калоніі

За заклікі да забастоўкі на «Гомсельмашы» ўраджэнцу Украіны прысудзілі адзін год калоніі.

vetka_sud_2.jpg

Судом Веткаўскага раёна 19 траўня быў вынесены прысуд ураджэнцу Украіны Кірылу Пятрэнку па крымінальнай справе аб арганізацыі і падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 Крымінальнага кодэкса), паведамляюць праваабаронцы.

Справу разглядала суддзя Святлана Мажэйка.

Да суда Кірыл Пятрэнка знаходзіўся на волі, пад асбістым паручальніцтвам.

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Пятрэнка, з дапамогай мабільнага тэлефона ў месенджары "Telegram", з'яўляючыся адміністратарам Telegram-канала " Чат. Гомсельмаш за свабодную Беларусь!" размясціў заклікі да ўдзелу ў страйку на тэрыторыі ААТ "Гомсельмаш". 13 жніўня 2020 года Кірыл Пятрэнка стварыў Telegram-канал, на платформе якога размяшчаў публікацыі з заклікамі да актыўнага ўдзелу ў забастоўцы на прадпрыемстве ў Гомелі, дзе сам працаваў. У створаным Telegram-канале публікаваў і рэпосты з дэструктыўных каналаў і чатаў.

Ягоныя дзеянні, нібыта, маглі пацягнуць парушэнне нармальнай працы камерцыйнай арганізацыі, органаў дзяржаўнай улады і праваахоўных органаў. Тым самым — як вырашыў суд — Пятрэнка схіляў да ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады.

Прысудам суда абвінавачаны Пятрэнка прызнаны вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, і яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін адзін год з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.