Шалёны 2021. Культура: Забароны, ліквідацыі і новыя праекты
Апошні дзень снежня — час азірнуцца і правесці рысу пад яшчэ адным пражытым годам, падвесці вынікі і намеціць планы на год наступны. «Новы Час» расказвае, што адбылося ў 2021 годзе ў беларускай культуры.
Студзень: беларусы ладзяць анлайн-фэсты ў падтрымку суайчыннікаў
Відавочна, на пачатку года дзяржаўным людзям было не да жартаў. Магчыма, з гэтай прычыны яны анулявалі гастрольныя пасведчанні на выступы ў Мінску вядомаму стэндап-коміку Славу Камісаранку. Хаця якой бы ні была фармальная падстава, усе ўсё разумеюць: менавіта Слава зрабіў жарты пра «чык-чырыка» вядомымі не толькі ў Беларусі, але і далёка за мяжой.
На шчасце, пакуль ніхто не адбірае ў беларусаў магчымасць весяліцца і натхняцца анлайн. У студзені 2021 года, нягледзячы на ўсе забароны, беларусы слухалі калядны анлайн-канцэрт легендарнага «Вольнага хору», які ўпершыню выступаў з аркестрам.
Цягам усяго года творчыя аб’яднанні замежжа таксама не заставаліся абыякавымі да сітуацыі ў нашай краіне, асабліва ўважлівым да Беларусі аказалася тэатральнае асяроддзе. Гэтую традыцыю распачаў Кіеўскі тэатр драмы і камедыі, акторы якога прадставілі чытанне сведчанняў беларусаў, што сталі ахвярамі гвалту з боку сілавікоў пасля выбараў прэзідэнта.
Расійскі гурт «Мумий Троль» прысвяціў беларусам песню «Тот день, когда».
На жаль, спадзяванні мільёнаў беларусаў не спраўдзіліся, рэпрэсіі з наступленнем новага года не скончыліся. 12 студзеня «па падазрэнні ў фінансаванні пратэснай дзейнасці» быў затрыманы журналіст, медыяменеджар і паэт Андрэй Аляксандраў. Пазней, 30 чэрвеня, Аляксандраву прад’явілі новае абвінавачанне — «Здрада дзяржаве». Таксама за кратамі застаецца яго дзяўчына Ірына Злобіна, затрыманая разам з Андрэем.
У 2021 годзе беларусы выдадуць шмат цудоўных кніжак, прысвечаных роднай краіне, яе пакутам і спадзяванням — вядома, за мяжой. У студзені свет пабачыла кніга «Purple fingers Of the last dictatorship of Europe» («Ссінелыя пальцы апошняй дыктатуры Еўропы»), напісаная беларускай эмігранткай па-англійску. Аўтарка Віялета Ліла зафіксавала ў ёй катаванні людзей беларускім рэжымам.
Таксама ў студзені стартаваў відэапраект «Словы мацней», у якім беларусы, што пацярпелі ад пераследу альбо ціску за творчую дзейнасць, чытаюць вершы паэтаў, якія былі рэпрэсаваныя за творчасць у сталінскія часы.
Яшчэ адной падзеяй, якая заклікае абудзіць беларускую культуру і натхніць беларусаў, стаў анлайн-фэст «Артысты Перамогі», дзе музыкі, якія падтрымалі народны супраціў, ладзяць жывыя канцэрты. Пазней усе «Артысты перамогі» збяруцца разам у неафіцыйным «чорным спісе» і фактычна атрымаюць забарону на творчасць у роднай краіне.
Люты: Масавыя затрыманні на канцэрце «РСП», «Кураж» у праграме аднаго з найбуйнейшых кінафэстаў
Люты 2021 пачаўся з прэм’еры песніКацярыны Ваданосавай «Для каго». Гэты твор дакладна адгукнецца ў сэрцы кожнага беларуса.
Яшчэ адна знакавая прэм’ера — дакументальны фільм «Мы не знали друг друга до этого лета» рэжысёркі Вольгі Абрамчык пра падзеі ў Мінску ў дзень выбараў прэзідэнта і ў першы тыдзень пасля.
Фільм Аляксея Палуяна «Кураж» трапіў у праграму Берлінскага кінафестывалю. Стужка «фіксуе супрацьстаянне людзей і сістэмы ў абліччы сілавікоў, што адказваюць гвалтам на памкненні беларускага грамадства заявіць пра сваю пазіцыю».
Да сумных падзей. Сатырычны дуэт «Арыстакратычная бледнасць» (Вольга Барышнікава і Алеся Селядцова) прыпыніў сваю дзейнасць праз увагу да яго з боку дзяржаўных органаў.
13 лютага АМАП уварваўся на канцэрт гурта «Разбітае сэрца пацана». 68 чалавек былі затрыманыя. 44 чалавекі з затрыманых адбылі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту, у тым ліку музыкі РСП, а 15 чалавек былі аштрафаваныя на 870 BYN.
27 лютага анлайн-фэст «Артысты перамогі» зладзіў трансляцыю канцэрта «РСП», які быў запісаны за дзень да затрымання музыкаў.
Напрыканцы месяца Павел Аракелян прэзентаваў кліп «Заўтра» з анімацыяй Маргарыты Ціхановіч:
«Заўтра я пайду паміраць, мяне заб’юць наўпрост на вуліцы.Страшна хочацца жыць. Але як, калі айчына руйнуецца?»
Сакавік: Працягваюцца рэпрэсіі супраць беларускіх музыкаў, але творчасць не спыняецца
2 сакавіка міліцыя сарвала запіс канцэрта гурта «Дай дарогу!». За гадзіну да пачатку запісу ўсім прысутным было загадана разысціся пад пагрозай затрымання. Саліст гурта Юры Стыльскі ў той вечар у клуб не трапіў.
4 сакавіка адбыўся анлайн-канцэрт класічнай музыкі «KEDUK / RADUNSKI», у якім узяў удзел вядомы беларускі оперны спявак Ілля Сільчукоў, звольнены з Вялікага тэатра оперы і балета разам з шэрагам іншых вядучых артыстаў.
9 сакавіка стала вядома, што Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне» гатовы прадставіць нікому да таго не вядомы гурт «Галасы ЗМеста». Але хутка Еўрапейскі вяшчальны саюз праверыў іх песню на адпаведнасць правілам конкурсу і паведаміў «Белтэлерадыёкампаніі», што твор «Галасоў ЗМеста» не мае права выконвацца на галоўным музычным фэсце Еўропы.
Старажытная беларуская малітва загучала па-новаму ў пранізлівым выкананні вакалісткі гурта «Shuma» Русі. Кліп на песню «Dreva» быў зняты ўкраінскімі калегамі. Гэты твор беларусы ў эміграцыі прапанавалі ў якасці альтэрнатыўнай песні для «Еўрабачання», але пратаколы конкурсу не дазваляюць абіраць удзельнікаў такім чынам.
Яшчэ адна кніга пра падзеі 2020 года выйшла ў нямецкім выдавецтве «S. Fischer». Яна называецца «Белыя дні Мінска. Нашы мары аб свабоднай Беларусі». Аўтар кнігі — дырыжор аркестра Мюнхенскага ўніверсітэта Віталь Алексяёнак — перадаў характар беларускага супраціву праз рэальныя гісторыі.
Журналісцкае расследаванне Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай пра ўдзел беларусаў у вайне на ўсходзе Украіны — кнігу «Белорусский Донбасс» — беларускі суд прызнаў экстрэмісцкай.
На кіраўніка гродзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» Паўла Мажэйку і мастака Алеся Пушкіна завялі крымінальную справу з прычыны дэманстрацыі ў «Цэнтры» партрэта ўдзельніка антыбальшавіцкага пасляваеннага падполля Яўгена Жыхара. Генпракуратура трактуе гэта як «наўмысныя дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму». 30 сакавіка Алеся Пушкіна затрымалі. Яму выставілі абвінавачанне па артыкуле 130 ч. 3 КК РБ — «Распальванне нацыянальнай, расавай ды іншай варожасці групай асоб». Паводле яго мастаку пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Пазней дадалося абвінавачанне па артыкуле 370 КК РБ — «Здзек з дзяржаўных сімвалаў».
Музыка «Fromm Savoque» прысвяціў памяці Рамана Бандарэнкі песню і кліп «Я выхожу».
Беларуская фатографка Надзея Бужан стала лаўрэаткай самага прэстыжнага фотаконкурсу ў свете — «World Press Photo» — са здымкам, на якім Вольга Севярынец з кветкамі чакае вызвалення мужа пад дзвярыма ізалятара на Акрэсціна — але тым разам Павал не выйшаў.
20 сакавіка ў рамках праекта «Артысты перамогі» Вераніка Круглова («KRIWI») і Валерыя Дэле («Dee Tree») зладзілі сумесны жывы канцэрт.
26 сакавіка адбыўся вялікі анлайн-канцэрт, прысвечаны Дню волі, з удзелам гуртоў «Naviband», «VAL» і опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук.
Красавік: Новыя спектаклі, старыя забароны
1 красавіка незалежная беларуская тэатральная кампанія «HomoCosmos» прадставіла спектакль «Застацца нельга з’ехаць» рэжысёра Дзмітрыя Багаслаўскага з удзелам актораў, якія супольна сышлі з «Новага драматычнага тэатра».
Таксама ў гэты дзень «Сучасны мастацкі тэатр» паказаў анлайн-спектакль «Гэтадемакрэйшен».
3 красавіка — чарговы выпуск праекта «Артысты перамогі». Гэтым разам з праграмай «Красавіцкія тэзісы» выступіўАляксандр Памідораў.
5 красавіка былі затрыманыя арганізатаркі выставы «Машына дыхае, а я — не» Наталля Трэніна і Таццяна Гацура-Яворская, прысвечанай барацьбе беларускіх медыкаў з кавідам. Выставу вымушана зачынілі.
Чарговая кніга, напісаная беларусамі, прызнаная экстрэмісцкай. Пад рэпрэсіі трапіў твор Змітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя».
У красавіку пачалі публікавацца неафіцыйныя «чорныя спісы» музыкаў, якія адкрыта крытыкавалі дзяржаўныя ўлады. Шматлікія гурты і артысты не могуць атрымаць гастрольныя пасведчанні, гэта фактычная забарона на творчасць у роднай краіне.
14 красавіка адбылося першае анлайн-пасяджэнне «Інтэлектуальнага клуба Святланы Алексіевіч» па тэме «Чаму “чырвоны чалавек” баіцца гісторыі?». У абмеркаванні прынялі ўдзел Арцём Шрайбман і Юры Дракахруст.
Да 35-й гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі быў запланаваны паказ спектакля «Чарнобыльская малітва» па творы Святланы Алексіевіч. Але ў апошні момант спектакль замянілі на іншы.
Таксама ў красавіку Святлана Алексіевіч падзялілася планамі на напісанне кнігі пра падзеі 2020 года ў Беларусі.
Яшчэ адзін спектакль быў забаронены ў Беларусі — «Былы сын» паводле рамана Сашы Філіпенкі, дзеянне якога адбываецца ў Мінску 1999 года пасля трагедыі на Нямізе. Прэм’ера спектакля адбылася ў Кіеве.
17 красавіка ў чарговы раз беларусаў парадаваў анлайн-фэст «Артысты перамогі». З праграмай «Актуальны сонцаварот» выступіўАлег Хаменка.
І яшчэ адна натхняльная падзея. «Вольны хор» сумесна з Лявонам Вольскім і «Вольным аркестрам» прэзентавалі кліп на песню «Зямля».
Гурт «J:МОРС» прысвяціў Чарнобыльскай катастрофе новую песню — «1986», з відавочнымі паралелямі з сённяшнім днём.
Травень: Спектаклі «Вольных купалаўцаў», новы альбом «DeeTree», канцэрт памяці Вітольда Ашурка
6 траўня «Вольныя купалаўцы» паказалі спектакль «Іранская канферэнцыя».
Напярэдадні 9 траўня ў вёсцы Шунёўка афіцыйныя ўлады палічылі дарэчным арганізаваць інсцэніроўку спалення вёскі нацыстамі падчас Другой сусветнай вайны.
12 траўня суд пастанавіў ліквідаваць незалежную культурніцкую пляцоўку ў Гродне «Цэнтр гарадскога жыцця». За амаль пяць гадоў існавання ў «Цэнтры» адбыліся сотні імпрэз, творчых сустрэч, дзясяткі выстаў і некалькі буйных фестываляў. Фармальная прычына ліквідацыі — карціна Алеся Пушкіна, што выстаўлялася ў «Цэнтры». Прадстаўнікі дзяржаўных уладаў лічаць, што яна парушае закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». Канчатковая ліквідацыя чакала «Цэнтр гарадскога жыцця» 21 чэрвеня.
Гурт «Dee Tree» прэзентаваў альбом «Усю восень», прысвяціўшы яго беларусам, «тым, якія адважыліся, тым, якія перамаглі абыякавасць і страх, тым, якія пазналі адно аднаго ўлетку і ўвосень».
Новым дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета стаў Вячаслаў Гарбузаў. Раней ён кіраваў Тэатрам драмы ў Брэсце. Брэсцкім калегам Гарбузаў запомніўся шэрагам абсурдных загадаў. Напрыклад, ён прапаноўваў набываць туалетную паперу і мыла для тэатра за кошт супрацоўнікаў.18 траўня была затрыманая кандыдатка культуралогіі, былая прафесарка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, пісьменніца і паэтка Юлія Чарняўская. На сёння Юлія застаецца пад хатнім арыштам.
«Мастацтва на маршы»: выйшаў дакументальны фільм 34mag.net. Стужка прапануе паразважаць пра тое, як беларуская музыка падчас пратэстаў стала народнай.
У рамках фотапраекта «Беларусь — гэта мы» вядомыя беларускі зняліся ў нацыянальных строях.
Вольга Хіжынкова
Няспынная творчасць «Вольных купалаўцаў»: 23 траўня адбыўся анлайн-паказ легендарнага спектакля «Паўлінка».
Актора і тэлевядучага Аляксандра Ждановіча, вядомага як Маляваныч, звольнілі з Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага. У лістападзе 2020 года Ждановіча асудзілі на дзевяць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі пратэсту.
25 траўня аднаму з заснавальнікаў «Маладога фронта», лідару партыі БХД, пісьменніку Паўлу Севярынцупрысудзілі сем гадоў калоніі.
27 траўня вялікі анлайн-канцэрт даў «Вольны хор» з праграмай «Муры».
29 траўня адбыўся яшчэ адзін анлайн-канцэрт з удзелам Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Андрэя Мельнікава і іншых вядомых беларускіх музыкаў. Нагодай для яго стала трагедыя — смерць грамадскага актывіста, палітвязня Вітольда Ашурка, памяці якога была прысвечаная гэтая імпрэза.
Чэрвень: Новыя кнігі Бахарэвіча, навіны ад Маргарыты Ляўчук
Кніга філосафкі Вольгі Шпарага пра ўдзел беларусак у рэвалюцыйных падзеях «Die Revolution hat ein weibliches Gesicht. Der Fall Belarus» выйшла ў нямецкім выдавецтве «Suhrkamp».
Ажно дзвюма новымі кнігамі ў электронным фармаце радуе прыхільнікаў Альгерд Бахарэвіч: «Тэатр шчаслівых дзяцей» і «Плошча Перамогі».
Супраць паэткі і журналісткі Валярыны Куставай у Беларусі распачалі дзве крымінальныя справы. Дзяўчына з’ехала з краіны.
Оперны тэатр не працягнуў кантракт з народным артыстам Беларусі Уладзімірам Пятровым. У жніўні 2020 ён браў удзел у запісах зваротаў супраць гвалту.
На оперную спявачку Маргарыту Ляўчук завялі крымінальную справу за «здзекі з дзяржаўнага сцяга Беларусі». Зорка оперы жыве ў Вільні і актыўна працягвае творчую дзейнасць.
У чэрвені Лявон Вольскі і Маргарыта Ляўчук зрабілі дуэт з новай версіяй песні «Палон».
Ліпень: Тыдзень беларускай культуры, закрыццё Інстытута Гётэ, беларуская паэзія на Алімпійскіх гульнях
Другое паўгоддзе 2021 года пачалося з Тыдня беларускай культуры. Па ўсім свеце беларускія дыяспары, культурныя дзеячы і проста неабыякавыя да Беларусі людзі ладзілі імпрэзы, чытанні, сустрэчы з творцамі ў падтрымку нашай краіны, арганізаваныя Беларускай Радай культуры.
Нашы польскія суседзі — адны з тых, хто найбольш актыўна і паслядоўна падтрымлівае беларусаў. У ліпені ў межах польскага фестывалю «Горы літаратуры» прайшоў Беларускі дзень з удзелам Святланы Алексіевіч, Насты Някрасавай, Змітра Вайноўскага і Андрэя Хадановіча, які ў ліпені выдаў у Польшчы кнігу-білінгву «Фантомныя радасці». Легендарны «Вольны хор» даў канцэрты ў Познані і Уроцлаве.
Сумнай навіной стала закрыццё Інстытута Гётэ ў Мінску. Але застаецца надзея, што гэта яшчэ не канец і кнігі, якія складалі бібліятэку Інстытута і былі раздадзеныя неабыякавым беларусам, вернуцца ў свой дом.
Звольнены за верш з Нацыянальнага мастацкага музея Мікіта Монічзаснаваў Youtube-праект «Около культуры», дзе расказвае пра мінулае і будучыню беларускай культуры і пра тое, як і навошта хадзіць у тэатры і музеі. Яшчэ з культурных навін — гурт «Laudans» прэзентаваў кампазіцыю «Я б хацеў застацца».
У далёкай Японіі стварылі кімано з вершамі беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Яно было прадстаўлена падчас Алімпійскіх гульняў у Токіа. У рамках праекта было створана 213 кімано, якія адлюстроўваюць культуру розных краін. На «беларускім» размясцілі бусла, валошкі, арнамент і радкі верша.
У ліпені пайшлі з жыцця акцёр Ігар Андрэеў і Народны мастак Беларусі, скульптар Леў Гумілеўскі.
Зазналі рэпрэсіі: мастак па святле Даніла Ганчароў; музыка Павел Ларчык; паэт Янка Лайкоў; музыка і праграміст Вадзім Гулевіч; хармайстар Нацыянальнага тэатра оперы і балета Іван Цітоў; паэт, журналіст, праваабаронца Сяргей Сыс; праваабаронца, пісьменнік Алесь Бяляцкі; рэдактарка-выдавец кніг серыі «Турэмная літаратура» Алена Лапцёнак; паэтка, бард, грамадская актывістка Лера Сом; пісьменнік Віктар Сазонаў; паэт, грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка; старшыня ТБМ Алена Анісім; краязнаўца, папулярызатар беларускай культуры Яўген Меркіс; журналіст, дырэктар прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне Павел Мажэйка; музыка, удзельнік гуртоў «TonqiXod» і «Subtonans» Максім Субач; фатографка Ксенія Галубовіч; стрыт-арт мастак Дзмітрый Падрэз (Dream).
Ліквідаваныя больш за 40 арганізацый, сярод якіх: «Арт-сядзіба», «Майстэрня сацыяльнага кіно», Інфармацыйна-культурны цэнтр «ІніцыАрт» (Наваполацк), курсы беларускай мовы «Мова нанова», Культурна-асветнiцкая ўстанова «АСЕТ», Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Амарока», Культурна-асветніцкая ўстанова «Садзейнічанне культурнаму развіццю гарадоў», Культурна-асветніцкая ўстанова «Крэсы», Сацыяльна-асветніцкая ўстанова ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны «УНОВІС-форум», «Рок-клуб» у Гродне, заснаваны ў 2014 годзе Ігарам Банцарам, «Студыя карысных кампетэнцый».
Жнівень: кінафестываль «Лістапад», затрыманне «Irdorath», крымінальная справа на Уладзіміра Мацкевіча
У жніўні каток рэпрэсій спыняцца не збіраўся, хутчэй наадварот: ён толькі набіраў моц. Міжнародны кінафестываль «Лістапад», які ладзіўся ў Беларусі з 1994 года, улады адабралі ў «Art Corporation» і перадалі яго дзяржаўнаму «Беларусьфільму».
Спыніў сваё існаванне Універсітэт імя Ніла Гілевіча — адзіная ўстанова вышэйшай адукацыі ў краіне, дзе ўсё навучанне вялося на беларускай мове.
Гучнае затрыманне адбылося на лецішчы пад Мінскам: затрымалі музыкаў гурта «Irdorath» і іх сяброў — проста пасярод святкавання Дня народзінаў вакалісткі Надзеі Калач. Іх абвінавацілі ў «кіраванні пратэстамі». У снежні над імі адбыўся суд.
У жніўні затрымалі таксама філосафаў Уладзіміра Мацкевіча і Таццяну Вадалажскую. Таццяну адпусцілі праз 10 сутак, а ў дачыненні да Уладзіміра была заведзеная крымінальная справа па «народным» артыкуле 342. Зараз філосаф утрымліваецца ў СІЗА №1 на Валадарскага.
Пільныя вочы ідэолагаў і цэнзараў дабраліся і да школьнікаў. Са школьнай праграмы па рускай літаратуры для 11 класа прыбралі творы Святланы Алексіевіч і Аляксандра Салжаніцына. (Вы ведаеце цяпер, якія кнігі купляць дзецям.)
8 жніўня не стала пісьменніцы Алены Васілевіч, аўтаркі культавай тэтралогіі для падлеткаў «Пачакай, затрымайся...». Пайшоў з жыцця таксама выбітны паэт і перакладчык Алесь Разанаў, аўтар дзясятка зборнікаў паэзіі. Паэту было 74 гады.
Але ёсць і добрыя навіны. Грамадскі актывіст Глеб Лабадзенка стварыў музей «Стары Менск» у вёсцы Гарадзішча, дзе сабраныя каля пяці соцень старажытных экспанатаў. У гурта «Intelligency» выйшаў кліп на песню «Малітва беларуская». У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла кніга «Галасы Беларусі-2020». Да гадавіны 09.08. у Швецыі выйшла анталогія «Адзін год Беларусі» з удзелам Святланы Алексіевіч, Альгерда Бахарэвіча, Юлі Цімафеевай, Ганны Комар, Крысціны Бандурынай і Вольгі Шпарага. Пабачылі свет «Выбраныя творы» беларускага літаратуразнаўцы, крытыка, празаіка Пятра Васючэнкі.
У жніўні зазналі рэпрэсіі: спявак і актор Міхаіл Кляпец; артыст ансамбля «Харошкі» Дзмітрый Кукса; экскурсавод і старшыня магілёўскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы» Алег Дзьячкоў; рэжысёрка Вялікага тэатра оперы і балета Дар’я Пататурка; гродзенскі блогер Вадзім Ермашук (Vadimati); філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч; філосафка Таццяна Вадалажская; кінакрытык Тарас Тарналіцкі; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, паэт і літаратуразнаўца Аляксандр Дуброўскі.
Ліквідаваныя арганізацыі: «Беларускі ПЭН-цэнтр», Гомельская моладзевая краязнаўчая грамадская арганізацыя «Талака», Цэнтр візуальных мастацтваў «Art Corporation».
Верасень: «Магутны Божа», «Літаратурная Беларусь» і «Ашчушчэнія»
Месяц да месяца мацнее маразм сістэмы. Напрыклад, быў адменены Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які праходзіў з 1993 года. Здагадайцеся, чаму? Правільна, таму што няма чаго лішні раз пра Наталлю Арсенневу ўзгадваць.
З-за адмовы тыпаграфіі перастала выходзіць на паперы газета «Літаратурная Беларусь», якая была дадаткам да «Новага Часу». Гурт «Znich» атрымаў адмову ў гастрольным пасведчанні. Памёр легендарны брэсцкі «лялечнік» Міхаіл Шавель.
З добрых навін верасень парадаваў міжнароднымі фестывалямі: 03.09-05.09.2021 у Мінску прайшоў Міжнародны фестываль перфарматыўнага мастацтва «Перформенск» і ў гэты ж час адкрыўся Міжнародны фестываль мастацтваў «Арт-Мінск». Палітзняволены Аляксандр Васілевіч напісаў у турме для дачкі зборнік казак «Тата і пінгвін», які пазней атрымаў прэмію імя Францішка Аляхновіча. Гурт «РСП» выпусціў новы альбом «Ашчушчэнія» (незабыўная назва, праўда?). У Вільні пачаўся Другі фестываль беларускай фальклорнай песні — тое, што немагчыма ўнутры краіны, робіцца беларускімі дыяспарамі па-за яе межамі. У паэткі Крысціны Бандурынай у Маскве выйшаў зборнік перакладаў яе вершаў на рускую мову «Псалмы и сонники». Гасцінная Прага вітала на міжнародным кніжным кірмашы «Свет кнігі» беларускіх літаратараў, прадаставіўшы цэлы спецыяльны блок для сучаснай беларускай літаратуры. Філосафка Вольга Шпарага правяла ў нямецкім горадзе Браўншвейге сустрэчу, на якой чыталі ўрыўкі з кнігі «Жаночы твар рэвалюцыі».
У верасні зазналі пераслед: журналіст, медыяменеджар і паэт Андрэй Аляксандраў; дырэктар, арт-менеджар і дыджэй культцэнтра «Корпус» Аляксандр Багданаў («Папа Бо»); арганізатар фэста «Аршанская бітва», аршанскі краязнаўца і журналіст Юрка Копцік і іншыя ўдзельнікі фэста; Супрацоўнікі культцэнтра «Корпус» Максім Крук і Лізавета Неўмяржыцкая; гродзенскі блогер Вадзім Ермашук (Vadimati); літаратар і настаўнік беларускай мовы Алесь Мінаў; гукарэжысёр і музыка гурта «Favourite Mirror» Аляксей Бусел; паэт Мікола Папека; гродзенскі фатограф Сяргей Марозаў; музычны журналіст і музыка Мікалай Янкойць; тэлевядоўца Кацярына Пытлева.
Ліквідаваныя арганізацыі: Беларускі камітэт міжнароднага савета па помніках і месцах «ICOMOS», «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны», Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Кастрычнік: страты і здабыткі беларускай літаратуры, «Вольная мова» і новы музей
Кастрычнік для беларускай культуры быў больш прадуктыўным: тут больш стваралася, чым разбуралася. З сумных навін — памёр пісьменнік Канстанцін Севярынец, бацька палітзняволенага Паўла Севярынца і вядомай настаўніцы і пісьменніцы Ганны Севярынец. Таксама пайшоў з жыцця мастак Уладзімір Сытчанка. Не стала і пісьменніка Юрыя Станкевіча, аўтара вядомых раманаў «Любіць ноч — права пацукоў», «Мільярд удараў» і «П’яўка». Свой зямны шлях завяршыў беларускі пісьменнік-фантаст, намеснік галоўнага рэдактара часопіса фантастыкі «Космопорт» Сяргей Булыга.
Шмат прыдбала ў кастрычніку літаратура: у «Бібліятэцы Свабоды» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», паэтка Валянціна Аксак выдала зборнік вершаў «Трэці Эдэм», пісьменніца і перакладчыца Ганна Янкута цяпер мае дзіцячую кнігу ў аўдыёфармаце «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік», выйшла кніга перакладаў Цыпрыяна Каміля Норвіда «Над попелам паразы — перамога!..» (на беларускую вершы польскага паэта пераклалі Алег Мінкін і Андрэй Хадановіч), пісьменнік Валер Гапееў выдаў кнігу для дзяцей «Жэнька — каралева мышак: гісторыі з жыцця адной беларускай дзяўчынкі». У Аляксандры Хамянок-Федчанка выйшла кніга інклюзіўных казак «Італьянскае падарожжа». Пабачыў свет таксама зборнік вершаў Анатоля Брусевіча «Крылы. Вершы, паэмы», сваю кнігу — «Мястэчкі і вёскі Беларусі» — выдаў актор, тэлевядоўца і журналіст Юрый Жыгамонт, у выдавецкай ініцыятыве «Пфляўмбаўм» выйшла кніга «Я и есть революция» Юлі Арцёмавай.
Раман пісьменніцы Таццяны Заміроўскай «Смерти.net» увайшоў у шорт-ліст расійскай літаратурнай прэміі Андрэя Белага (намінацыя «Проза»). У расійскім філалагічным часопісе «Новое литературное обозрение» выйшаў блок «Бело-красно-белые сердца слов», прысвечаны беларускай паэзіі. Агляд падрыхтаваны расійскім паэтам і перакладчыкам Уладзімірам Каркуновым, асобна публікуюцца пераклады вершаў Ганны Комар, Уладзіміра Лянкевіча і Крысціны Бандурынай.
Падвялі вынікі конкурсу «Экслібрыс» імя Ніла Гілевіча, які праводзіла ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Пераможцай стала паэтка Яніна Равяка. Сталі вядомыя таксама пераможцы прэміі імя Карласа Шэрмана за найлепшы пераклад на беларускую мову: намінацыя «Пераклад прозы» — Вольга Гронская (Даніэль Кельман «Тыль»), «Пераклад паэзіі» — Юля Цімафеева (Стывен Крэйн «Выбраныя вершы»), «Пераклад дзіцячай кнігі» — Алена Пятровіч (Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і таемная зала»).
Напрыканцы месяца па ўсім свеце прайшла акцыя памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій «Ноч паэтаў».
Свае здабыткі мела і беларуская музычныя індустрыя: гурт «Петля Пристрастия» выпусціў новы альбом «Не тот человек», спявачка Ганна Хітрык прадставіла новы альбом «Тень» — першы з часу яе эміграцыі, «Pomidor/OFF» выдаў новы сінгл «Развітанне з Радзімай», палітзняволеная музыка Марыя Калеснікава атрымала прэмію Вацлава Гавела за свабоду слова.
Некалькі значных падзей адбыліся ў свеце тэатра і кіно: прайшла прэм’ера фільма Галіны Адамовіч «Страла», прысвечанага старажытнаму беларускаму абраду «Пахаванне стралы», «Купалаўцы» прадставілі спектакль па апавяданні Уладзіміра Арлова «Ордэн Белай Мышы», фільм рэжысёра Андрэя Куцілы «Калі кветкі не маўчаць» перамог у дакументальным конкурсе Варшаўскага кінафестывалю, Міжнародная федэрацыя асацыяцый кінапрадзюсараў пазбавіла фестываль «Лістапад» акрэдытацыі — і таму фестываль (нагадаем, адабраны ў арганізатараў) не змог быць праведзены.
Яшчэ трошкі восеньскіх культурных цікавостак: стартаваў праект «Вольная мова» — анлайн-пляцоўка, якая дазваляе цэлую гадзіну вольна размаўляць на роднай мове, а ў Заслаўі адкрыўся музей маляваных дываноў.
У кастрычніку зазналі пераслед: гукарэжысёр Тэатра юнага гледача, музыка Кірыл Салееў; бард і пісьменнік Анатоль Кудласевіч; культуролаг і экспертка па этыкеце Аксана Зарэцкая; музыка Зміцер Шыманскі.
Ліквідаваныя арганізацыі: «Саюз беларускіх пісьменнікаў», бабруйская крэатыўная прастора «13:87».
Лістапад: на забароненае і закрытае знойдзецца сваё створанае і прэзентаванае
Сумныя навіны лістапада: ад каронавіруса памёр вядоўца культавай тэлевізійнай праграмы «Відзьмо-невідзьмо» Сяргей Філімонаў. Не стала таксама археолага Алега Макушнікава, які даследаваў гомельскае Падняпроўе. Пайшоў з жыцця паэт і перакладчык Мікола Мятліцкі. У Віцебску забаранілі спектакль «Ціль», пасля прэм’еры якога звольнілі дырэктара тэатра і як мінімум траіх актораў. Перастаў выходзіць літаратурны часопіс «Верасень», прычына спынення — ліквідацыя «Таварыства беларускай мовы», якое было заснавальнікам часопіса.
Але жыццё не стаіць на месцы, і там, дзе нешта ліквідуецца, тут жа з’яўляецца і нешта новае. Напрыклад, у лістападзе быў створаны новы літаратурны часопіс з сімвалічнай назвай «Працяжнік», які на дадзены момант мае ўжо два нумары.
Літаратура і тут наперадзе планеты ўсёй: у аўдыёфармаце з’явіўся зборнік эсэ культуролага Максіма Жбанкова «SloMo», выйшаў пераклад рамана Элізы Ажэшка «Дзікунка» (на беларускую раман пераклала Святлана Воцінава), «моўная інспектарка» Аліна Нагорная выдала кнігу «Мова 404» — пра дыскрымінацыю беларускай мовы, у паэта і перакладчыка Ігара Кулікова з’явілася новая кніга «Вецер нішто і рэха цьмы», таксама выйшла дэбютная кніга Анатоля Уласенкі «Новая зямля. Куканія», Уладзімір Някляеўнапісаў новы раман «Гэй Бэн Гіном», а ў паэта Уладзіміра Глазава быў выдадзены зборнік вершаў «Брестский мир».
Сталі вядомыя пераможцы прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні: Андрэй Аляксандраў «Вершы з-за кратаў»; Аляксандр Васілевіч «Папа и пингвин»; Максім Знак, цыкл турэмных вершаў; Вольга Калацкая «Турэмны дзённік» (змешчаны ў «Фэйсбуку»); Святлана Купрэева, цыкл турэмных вершаў; Мікола Папека, цыкл турэмных вершаў; Андрэй Скурко «Казкі і вершы для сына».
Сваіх лаўрэатаў абвясціла і літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця: І месца — Ева Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?»; ІІ месца — Таня Скарынкіна «Райцэнтр»; ІІІ месца — Сяргей Абламейка «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі».
У «Інтэлектуальным клубе Святланы Алексіевіч» прайшла анлайн-сустрэча «Шлях да несвабоды» з удзелам Віталія Портнікава і Цімаці Снайдэра. Адбыўся таксама круглы стол Святланы Ціханоўскай з прадстаўнікамі культуры, сярод якіх былі Аляксандр Філіпенка, Святлана Алексіевіч, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Сяргей Палуян.
З навінак музыкі — Маргарыта Ляўчук, Іван Кірчук і Сяржук Доўгушаў (праект «TryNici») прэзентавалі кліп на песню «Царкоўка», а ў Паліны Дабравольскай (aka Chornabrova) выйшаў дэбютны альбом «Слова»: сем трэкаў і інтра. Палітзняволеная музыка Марыя Калеснікава атрымала прэмію Магніцкага.
У лістападзе зазналі пераслед: палітзняволены блогер, літаратар і журналіст Мікола Дзядок; экскурсаводка з Мінска Аксана Манкевіч; кампазітарка, сябра «Беларускага саюза кампазітараў» Ларыса Сімаковіч; вакаліст гурта «Ня Варта» Фёдар Чаранкоў; мастачка і акцыяністка Крысціна Башарымава; дудар Зміцер Шыманскі; віцебскі культурны актывіст Барыс Хамайда; віцебскі актывіст і арганізатар культурніцкіх імпрэз Уладзімір Булаўскі; палітзняволены літаратар, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Мінаў; акторы Гродзенскага абласнога тэатра лялек Іван Дабрук, Аляксандр Енджэеўскі і Наста Суханосік; дырэктарка Віцебскага тэатра Аляксандра Старых і акторы Анжэла Баркоўская, Юлія Крашэўская і Арцём Герляк.
Ліквідаваныя арганізацыі: фонд «Шчорсы і Храптовічы», які займаўся адраджэннем палацава-паркавага комплексу ў Шчорсах. Мінінфарм заблакаваў сайты адразу некалькіх ліквідаваных грамадскіх аб’яднанняў. Сярод іх «Беларускі ПЭН-цэнтр», «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Нацыянальны камітэт Міжнароднай Рады па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцін («ICOMOS»).
Снежань: скасаванні, даносы і Індэкс правоў чалавека ў культуры
У снежні з новай сілай прачнуўся запал у служкаў сістэмы чысціць і закрываць усё, што мазоліць вочы. Прыбралі з пракату па Беларусі прыгодніцкі фільм «Авантуры Пранціша Вырвіча», зняты па аднайменным рамане Людмілы Рублеўскай — можа быць, нашаму міністэрству цэнзуры не спадабаліся акцёры-«купалаўцы», знятыя ў фільме?
Пасля даносу «неабыякавага грамадзяніна» ў мінскай філармоніі скасавалі канцэрт «Жоўтыя зоркі», прысвечаны памяці ахвяр Халакосту. «Неабыякавага грамадзяніна» завуць Іван Нікіфараў, і ён быў вельмі заклапочаны тым, што сродкі, атрыманыя ад канцэрта, «ішлі на падтрымку апазіцыйных арганізацый — такіх, як Гродзенскі хоспіс».
Снежаньскія здабыткі літаратуры: кампанія «Філосаф_у_турме», створаная калегамі і сябрамі палітвязня Уладзіміра Мацевіча, прадставіла кнігу «Записки философа с вредным характером», дзе сабраныя яго тэксты з 2019 года па сённяшні час. Кнігу іншага палітвязня Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага свету» выдалі на нямецкай мове. Палітзняволены журналіст, медыяменеджар і паэт Андрэй Аляксандраў атрымаў літоўскую прэмію «Надзея Свабоды». Пісьменніца Наталка Харытанюк выпусціла калядную анлайн-кнігу «Казка пра тое, як Святога Міколу забаранялі». З’явіўся новы інтэрнет-часопіс беларускай паэзіі «TAUBIN».
У снежні адзначалася 130-годдзе са дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. Імпрэзы ў гонар паэта прайшлі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.
Музыка, кіно і тэатр у снежні, напэўна, вырашылі ўзяць перапынак, азірнуцца і падвесці свае вынікі года. З найбольш значнага і вядомага: ва Уроцлаве прэзентавалі саўнд-драму «Сарматыя», пастаўленую па аднайменнай паэме Марыі Мартысевіч, тэксты «Сарматыі» чытае рэжысёрка і музыка Паліна Дабравольская; Маргарыта Ляўчук і Сяржук Доўгушаў прадставілі новае відэа «Сівы конь»: знакамітая народная песня «Сівы конь» была выканана музыкамі на фэсце Абуджаных «ТУТАКА» ў жніўні 2021 на месцы, дзе раней адбываўся легендарны фестываль «Басовішча». Падчас выступу артыстаў мастачка Аляксандра Канафальская малявала тэхнікай пескаграфіі ў рэжыме рэальнага часу. Адбылася таксама прэм’ера дакументальнага фільма «Галасы новай Беларусі» па сцэнары Андрэя Курэйчыка.
Як своеасаблівы вынік года: Беларускі Хельсінкскі камітэт падлічыў нацыянальны індэкс правоў чалавека ў Беларусі. Індэкс права беларусаў на ўдзел у культурным жыцці склаў 2,8 з 10.
У снежні зазналі пераслед: дырэктарка гродзенскай выставачнай залы Ірына Сільвановіч; вакаліст гурта «Ня Варта» Фёдар Чаранкоў; заснавальнік культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба» і крамы сувеніраў з нацыянальнай сімволікай «Symbal.by» Павел Белавус; дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык» Юрый Зялевіч; музыка і педагог Наталля Капыцько; палітзняволеныя ўдзельнікі гурта «Irdorath» Надзея і Уладзімір Калач, Пётр і Юлія Марчанкі, Антон Шніп; арт-дырэктар мінскага клуба «Брюгге» Сяргей Палажэнка; дызайнер і сябра «Беларускага саюза дызайнераў» Раберта Вальдэса Касануэву; заснавальнік мінскай кінашколы-студыі Андрэй Палупанаў; 2D-мастачка з кампаніі «Vizor Games» Галіна Семечка; арт-менеджар і дыджэй Аляксандр Багданаў (Papa Bo) і сцэнограф Максім Крук.
З Беларускай акадэміі мастацтваў за два дні было звольнена 25 супрацоўнікаў. Сярод звольненых — прарэктарка Алена Бохан, якая бараніла адлічаных па «пратэсных» справах студэнтаў.
*****Як бачым, нягледзячы на небывалы ўзровень рэпрэсій і спробы закатаць усё жывое пад асфальт, беларуская культура працягвае жыць — працягваюць выходзіць кнігі, з’яўляюцца новыя песні, фільмы, пастаноўкі, ладзяцца канцэрты і фестывалі. Беларускае слова гучыць па ўсёй планеце, яно расказвае іншым людзям пра нас, пра наш боль, пра нашы паразы і перамогі, пра нашы надзеі і жаданні. Беларускае слова гучыць — і гэта самы важны вынік гэтага года.
Мы будзем і далей сачыць за падзеямі ў культуры Беларусі ўнутры краіны і па-за яе межамі і спадзявацца, што хутка настане той дзень, калі знікнуць краты і наша слова загучыць вольна.