Аляксандр Класкоўскі: «Пуціну хапіла санкцый Захаду. Навошта яму нейкія авантуры з Лукашэнкам?»

На маючай адбыцца анансаванай сустрэчы ў Маскве Пуціна і Лукашэнкі Крэмль паставіць два пытанні перад беларускім кіраўніком, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

pucin21.jpg

— Для Масквы звышзадача — падпісанне ўсіх дарожных карт, якія цяпер называюць саюзнымі програмамі, але сэнс ад гэтага не змяніўся. У плане інстытуцыянальным Маскве трэба мацней прывязаць да сябе Беларусь, — цытуе аглядальніка «Салідарнасць» са спасылкай на эфір Еўрарадыё». — Мяркуецца, што ў нас будзе агульная падатковая і мытная сістэмы, а дэ-факта, гэта будзе пераход на расійскія правілы, таму што Масква не стане перапісваць свой Мытны кодэкс дзеля Беларусі. У рэчаіснасці гэта будзе падгон пад законы і стандарты РФ.

І праз нейкі час пасля падпісання гэтых дакументаў Масква зможа паставіць пытанне і пра агульную валюту, і пра наднацыянальныя органы.

Пакуль спрэчным пытаннем у гэтай частцы заставаўся газ, і Крэмль, думаю, будзе спрабаваць уламаць Лукашэнку, каб ён усё ж падпісаў увесь пакет дакументаў.

Другое пытанне тычыцца канстытуцыйных зменаў, канстытуцыйнай рэформы. Чыста практычна Крэмль усё ж такі хоча, каб у Беларусі была не настолькі персаналісцкая сістэма кіравання. Каб парламент атрымаў нейкія паўнамоцтвы і адкрылася перспектыва для партыйнага будаўніцтва. На гэтым полі можна будзе гуляць, ствараць нейкія прарасійскія партыі.

Пры гэтым Аляксандр Класкоўскі назірае дастаткова складаныя адносіны паміж Пуціным і Лукашэнкам.

— Я не думаю, што Пуцін сёння зацікаўлены ў тым, каб ісці на канфрантацыю з Захадам на глебе беларускага пытання, тым больш падыгрываць беларускаму кіраўніцтву. Яно, вядома, хацела б і ўвесь час уцягвае Расію ў сваю гульню, увесь час гучыць гэты лейтматыў, што «мы ў адным акопе» і «Беларусь — гэта толькі плацдарм для таго, каб атакаваць Расію».

Лукашэнку ўсё гэта неабходна, каб заангажаваць Пуціна, атрымаць падтрымку, маральную, матэрыяльную, і ваенную, калі спатрэбіцца. Але навошта гэта Пуціну?

Я думаю, ён сёння пацірае рукі, назіраючы, як Лукашэнка ўсё больш лаецца з Захадам, бо гэта ўзмацняе залежнасць Беларусі ад Масквы.

Па-другое, усё ж такі для Пуціна цяпер такая фаза, калі ён нядаўна сустрэўся з Байдэнам, Меркель толькі што прылятала ў Маскву, таксама аказала павагу. Пуціну трэба дабудаваць «Паўночны паток-2», і наогул, калі браць так званую расійскую эліту, то ўсе іх капіталы на Захадзе.

Мяркую, што Пуціну ўжо хапіла Крыма, хапіла Данбаса, хапіла гэтых санкцый, якія ён атрымаў ад Захаду. Навошта яму ўлазіць у нейкія авантуры Лукашэнкі?

Ён спакойна збірае дывідэнды з сённяшняй сітуацыі. А Лукашэнка сам усё робіць для таго, каб Беларусь дэ-факта трапіла ў яшчэ большую залежнасць ад Масквы.

Пры гэтым відавочна, што Лукашэнка не хоча размяшчаць у Беларусі расійскія базы, таму што разумее, што ў пэўны момант гэта можа абярнуцца супраць яго самога, калі Крэмль наважыцца памяняць тут кіраўніка, які ўжо цяпер выглядае, мякка кажучы, не перспектыўна, на нейкага свайго пратэжэ, — адзначыў Аляксандр Класкоўскі.