Рада Еўропы запускае план дзеянняў па падтрымцы беларусаў

Сёння быў апублікаваны план дзеянняў па падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. У ім 15 пунктаў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Генеральная сакратарка Рады Еўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч апублікавала план дзеянняў па падтрымцы прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл, якія працуюць на карысць будучай свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.

У гэтым плане 15 пунктаў, ён распрацаваны сумесна ўдзельнікамі Кантактнай групы Рады Еўропы па Беларусі. У пералік мерапрыемстваў, якія плануецца правесці, уключаны навучальныя курсы па правах чалавека, семінары па Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека і азнаямленчыя паездкі для беларускіх юрыстаў у штаб-кватэру Рады Еўропы ў Страсбургу. Сярод іншых мерапрыемстваў — павышэнне дасведчанасці па ключавых пытаннях, уключаючы адмену смяротнага пакарання, недыскрымінацыю, гендарную роўнасць і супрацьдзеянне гвалту ў дачыненні да жанчын. На сакавік запланаваны вучэбна-практычны семінар для журналістаў у выгнанні.


«Актыўнасці на 2023 год, якія мы ўзгаднілі ў Кантактнай групе Рады Еўропы па Беларусі, уяўляюць сабой найбольш адчувальную і істотную дапамогу, і я ганаруся тым, што наша арганізацыя адыгрывае ролю першапраходцы ў падтрымцы дэмакратычнай Беларусі», — заявіла Печыновіч-Бурыч.

План дзеянняў сёння быў прадстаўлены Камітэту міністраў Рады Еўропы і ўключае ў сябе меры па:

- імплементацыі ў беларускае прававое поле стандартаў правоў чалавека і вяршэнства права;

- працы, накіраванай на забеспячэнне роўнасці ў грамадстве і захаванне годнасці кожнай асобы — у тым ліку гэта падтрымка палітвязняў і ахвяр рэпрэсій;

- умацаванні палітычнага дыялогу датычна Беларусі ўнутры Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы;

- працы з рэгіянальнымі і мясцовымі палітыкамі і актывістамі;

- падтрымцы грамадзянскай супольнасці Беларусі;

- працы з моладдзю і заахвочванні яе да ўдзелу ў дэмакратычных працэсах.



Нагадаем, Кантактная група па Беларусі ў Радзе Еўропы была створана ў верасні 2022 года з мэтай наладжвання супрацоўніцтва паміж Радай Еўропы і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, а таксама грамадзянскай супольнасцю.

«Рада Еўропы прынцыпова падтрымлівае беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць. Я вітаю той факт, што гэта група ўжо сфарміравана. Гэта наватарскае рашэнне: ні адна іншая міжнародная арганізацыя не выбудоўвала інстытуцыйных адносін такога кшталту», — заявіла тады генсек РЕ. Першае пасяджэнне кантактнай групы адбылося ў лістападзе 2022 года. Наступная сустрэча запланавана на чэрвень 2023 года.