Паглядзіце, як гарыць Краснаярскі край. Пажары там знішчаюць цэлыя вёскі, гінуць людзі, у тым ліку дзеці (відэа)

Ратавальнікі МНС Расіі тушаць пажары адразу ў 16 населеных пунктах Краснаярскага краю, дзе гараць не менш за 200 розных будынкаў, паведамляе «Медуза» са спасылкай на сайт краявога ўпраўлення МНС.

uuyar_3044813.jpg

Пажары шырока распаўсюдзіліся з-за моцнага ветру, хуткасць якога ў асобных раёнах дасягае 40 метраў у секунду, гаворыцца ў паведамленні рэгіянальнага ўрада. «Моцны вецер паскарае распаўсюджанне пажараў і перашкаджае ліквідацыі [узгарання]», — кажуць у МНС.

У розных раёнах ахоплены агнём жылыя дамы, дзіцячыя садкі, фельчарскія пункты, піларамы, садовыя кааператывы. Самыя масавыя пажары ва Уярскім раёне, дзе гараць 50 будынкаў.

У двух раёнах у выніку пажараў загінулі людзі. У Шарыпаўскім раёне ў вёсцы Нікольск, па даных МНС, двое загінулых. У гэтым сяле агонь ахапіў 20 будынкаў. У Казачынскім раёне ў вёсцы Талажанка пажар закрануў 18 будынкаў, у тым ліку фельчарска-акушэрскі пункт і дзіцячы садок. У МНС паведамілі, што ў гэтым сяле трое загінулых, па даных СМІ, сярод загінулых — двое дзяцей. Па факце гібелі людзей распачалі крымінальную справу па артыкуле аб прычыненні смерці па неасцярожнасці.

У Багатольскім раёне Краснаярскага краю, як паведамляе «НГС», цалкам згарэла вёска Паўлаўка (па перапісе 2010 года, у ёй пражывалі каля 100 чалавек). У раённай адміністрацыі адкрылі пункт збору гуманітарнай дапамогі для жыхароў вёскі.

Краёвае агенцтва па грамадзянскай абароне і надзвычайных сітуацыях паведаміла, што «ў шэрагу раёнаў краю прычынай пажараў у населеных пунктах сталі кароткія замыканні з-за перахлёсту электраправадоў і падзення ЛЭП у выніку моцнага ветру». У шэрагу раёнаў па распараджэнні губернатара часткова адключылі электраэнергію.

На ўсёй тэрыторыі Краснаярскага краю ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі. У раёнах, дзе ідуць актыўныя пажары, эвакуююць людзей і рыхтуюць пункты часовага размяшчэння. Губернатар краю Аляксандр Ус заявіў, што рэгіён запытаў дапамогу ў суседніх абласцей, «але самі аддаём сабе справаздачу, што падыдзе яна ў лепшым выпадку праз некалькі гадзін». Губернатар паабяцаў зрабіць «усё магчымае, каб аднавіць жыллё для пацярпелых і аказаць адпаведную дапамогу».

Адначасова з масавымі пажарамі ў Краснаярску паўстала пыльная бура. Яна пачалася з-за таго, што моцны вецер падняў у паветра пыл і пясок. Па словах мясцовых жыхароў, на вуліцы цяжка дыхаць, пачынаецца кашаль і чханне, нічога не відаць. Мэр Краснаярска Сяргей Яромін запісаў відэазварот, у якім заклікаў жыхароў заставацца дома. У Краснаярску зафіксавалі моцнае забруджанне паветра.

У Інстытуце экалогіі і геаграфіі Сібірскага федэральнага ўніверсітэта заявілі, што пыльная бура — «не вельмі рэдкая» з'ява для Краснаярскага краю, якая характэрна для позняй вясны і пачатку лета.