Хронікі рэпрэсій. Затрымалі спявачку Патрыцыю Свіціну, знішчылі кнігі Дзяніса Івашына
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 18 траўня.
Сілавікі затрымалі спявачку Патрыцыю Свіціну, якая ў 2020 годзе адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі. На змантаваным відэа дзяўчына расказвае, што з'яўлялася лаўрэатам стыпендыі па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2020 годзе яна, паводле ўласных слоў, «удзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту».
Таксама яна кажа, што публікавала ў сацсетках «негатыўныя паведамленні» пра сілавікоў, аб «спецаперацыі, якая праводзіцца на тэрыторыі Украіны» і «распальвала варожасць і нянавісць паміж славянскімі народамі».
У мінскім аэрапорце сілавікі затрымалі пасажырку, якая
вярталася ў Беларусь з адпачынку. Дзе зараз
знаходзіцца затрыманая дзяўчына і ў якім яна статусе — невядома.
Паведамляецца, што супрацоўнікі адказалі яе хлопцу, што забіраюць яе «на пагаварыць». Пазней высветлілася, што на гугл-дыску ў тэлефоне ў дзяўчыны знайшлі «фотаздымкі з жаночых маршаў і таму яе пакінулі ў міліцыі да раніцы».
Вядома, што ў 2020 годзе беларуску затрымлівалі падчас пратэстаў, суд прызначыў ёй штраф па артыкуле 23.34 КаАП.
Знаёмы затрыманай распавёў, што перад вылетам яна выдаліла «Тэлеграм». Аднак пасля праходжання мяжы сябар напісаў ёй, і паведамленне аказалася прачытана.
У Брэсцкім абласным судзе 18 траўня пачаўся працэс над
40-гадовым лекарам з Баранавіч Валерыем Хаменкам. Лекара брыгады інтэнсіўнай тэрапіі станцыі хуткай дапамогі
абвінавачваюць у рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 КК). Справу разглядае суддзя Вера Філонік.
Згодна з матэрыяламі справы, затрыманы напачатку красавіка 2023 года Хаменка ў жніўні 2020 года нібыта «размясціў і захоўваў на адной з агульнадаступных старонак у сацыяльнай сетцы матэрыялы з выявамі плакатаў, на якіх мелася сімволіка, звязаная з ідэямі расавай перавагі, паказана асабістае стаўленне да салдат фашысцкай Германіі, прыхільнасць да нацысцкіх і расісцкіх поглядаў».
Умовы ў СІЗА на Валадарскага
для палітзняволеных зрабілі больш жорсткімі. Так, цяпер вопратку і абутак
адразу адпраўляюць на склад, каб іх забраць, зняволеным трэба пісаць адпаведныя
заявы, чакаць некалькі дзён, а ўзамен ім трэба нешта з вопраткі здаваць на
склад. Вядомы выпадак, калі на склад забралі нават бялізну і шкарпэткі.
Акрамя гэтага, цяпер забаронена дасылаць медыцынскія пасылкі, а ў перадачах не прымаюць заспакаяльныя.
Нагадаем, нядаўна стала вядома, што, паводле ўказання ДВП ад 29.04.2023, вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазволена перадаваць толькі вітамінна-мінеральныя комплексы (не больш за адну ўпакоўку) і інсулін замежнай вытворчасці. Іншыя медыкаменты нібыта ёсць у наяўнасці ў медычных частках ізалятараў. Пры гэтым афіцыйна пра такія змены нідзе не паведамлялася.
Сілавікі знішчылі 25 кніг палітзняволенга журналіста Дзяніса
Івашына. Гаворка ідзе пра кнігі «З невичерпного джерела», «Абэцэда», «Беларускі нацыяналізм»,
«Чаму беларус абавязаны быць нацыяналістам», «Вайсковы слоўнік», «108 дзён і
начэй у засьценках КДБ», «О сектантах», «Таталітарызм», «Прапаганда»,
«Хрышчэньне нацыі», «Беларусь за 10 падарожжаў», «Светапоглядныя асновы
дэмакратычнага руху», «Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на
Беларусі», «Гібридная война», «Крим за завісою»,
«Хроника гибридной войны», «Смисли і війни», «Росія: ідентичность агресора»,
«Вторжение в Украину», «Донбасс в огне», «ОУН і УПА в боротьбі за Українську
Державу», «Міжнародний центр протидіі Російській пропаганді», «Тенденціі у
світі», «Індекс війни».
Беларускія суды прызналі «экстрэмісцкімі» шэраг чайлдфры-суполак. Гаворка ідзе пра старонку ў фэйсбуку «Чайлдфри. Элита
общества», суполку ва «Укантакце» «Чайлдфри», Instagram-старонку «Чайлдфри».
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі: тэлеграм-каналы «Приключения беларусов в Киеве», «Орша Микруха», «Дзённiк экстрэмiста», «Лист для записей».
Экстрэмісцкімі матэрыяламі» цяпер з'яўляецца і шэраг відэа ў ютубе: «Беларусы прыехалі ваяваць супраць пуціна і лукашэнкі — некаторыя ўкраінцы былі ў шоку: Як так? А мы думалі, усе беларусы за бацьку», «Баец палка Каліноўскага: Нашая канчатковая мэта — площа Незалежнасці», «Беларускі ваяр распавёў пра стан палка Калiноўскага | Беларусский воин про полк Калиновского», «Лукашенка павінен баяцца: Украiна ўражаная батальёнам Калiноўскага | Украина восхищена беларусами», «У Лукашенко будет две недели после победы Украины / План: Б», «Позывной Леший».
Палітвязень Віктар Хлябец выйшаў на волю. Віктар — выхадзец з Белаазёрска, мае на ўтрыманні малую
дачку. У Віктара ёсць інваліднасць, ён хварэе на цукровы дыябет,
інсуліназалежны. Мужчыну затрымалі 26 лютага 2022 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).
Суд Бярозаўскага раёна 28 ліпеня асудзіў палітвязня на 1,5 года калоніі за каментар пра забітага супрацоўніка КДБ. Тэрмін Хлябец адбываў у наваполацкай калоніі № 1. 17 траўня палітвязен выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. У зняволенні ён утрымліваўся 1 год, 2 месяцы і 21 дзень.