Кожны першы тэрарыст?

Швед паабяцаў новыя выкрыцці ад так званых беларускіх спецслужбаў.

cyrk.jpg

Генеральны пракурор Лукашэнкі Андрэй Швед заявіў, што на многіх з тых, хто звярнуўся ў камісію па памілаванні і вырашыў вярнуцца ў Беларусь, на Захадзе аказваецца ціск. Ён таксама паабяцаў, што найбліжэйшым часам яго спецслужбы агучаць новыя выкрыцці, якія тычацца ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года. Аб гэтым Швед заявіў у эфіры ПрапагандаТБ.
— На дадзены момант паступіла больш за 70 заяў. Нядаўна мы правялі адно з першых пасяджэнняў Камісіі па памілаванні. Прыняты шэраг рашэнняў у адносінах да асоб, якія звярнуліся. Я не буду казаць пра лічбы і анансаваць нейкія прозвішчы. Гэта нельга рабіць, таму што мы дакладна ведаем, за мяжой некаторых з іх запалохваюць, каб яны не прыязджалі сюды, — заявіў Швед.
Ён выказаў упэўненасць, што хутка гэтыя людзі прыедуць і самі раскажуць журналістам, "як гэта ўсё было".
Швед таксама заявіў, што пратэстны рух радыкалізуецца "пад уплывам, куратарствам, фінансаваннем урадаў, у тым ліку заходнееўрапейскіх дзяржаў".
— Мы да гэтага гатовыя. Па лініі спецслужбаў у бліжэйшы час будзе прадстаўлена дэталёвая інфармацыя, дзе будзе паказана роля нашых грамадзян, якія ў 2020-м выступалі за перамены.

Будзе паказана трансфармацыя гэтых асоб ад экстрэмізму да тэрарызму.

На прыкладзе асобных нашых грамадзян мы пакажам і раскажам, да чаго прыводзяць гэтыя памылкі.
Нагадаем, 28 красавіка Генпракуратура паведаміла аб першым пасяджэнні камісіі па разглядзе зваротаў беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях учынення імі правапарушэнняў. У ведамстве заявілі, што ў камісію паступіла звыш 60 зваротаў ад тых, хто, ратуючыся ад рэпрэсій, вымушаны быў пакінуць Беларусь.

Тым, хто вернецца, не дадуць нармальна працаваць

Менавіта так: памылкова лічыць, нібыта па вяртанні рэжым дазволіць былому «збегламу» аднавіць ранейшы сацыяльны статус. Як мы бачым, праз два з паловай года пасля выбараў і пратэстаў працягваюцца рэпрэсіі ўвогуле і «палітычныя» звальненні ў прыватнасці. Толькі ў апошнія дні стала вядома пра чысткі ў музеі Заіра Азгура і чорныя спісы культработнікаў у Гродне. Няма сумневу, што «рэпатрыянты» ў гэтыя спісы трапяць адразу, інакш сістэма будзе супярэчыць сама сабе.
Для экс-эмігрантаў будуць закрыты дзверы на любую дзяржслужбу, на любую бюджэтніцкую пасаду. Дый у прыватным сектары добра ўладкавацца таксама будзе праблемай. Настаўніка не пусцяць у школу ці ўніверсітэт. Кіроўцу не дадуць стырно, акрамя хіба таксі. Менеджару трэба забыцца пра крэсла ў паспяховай кампаніі, музыку — пра канцэрты, рабочаму — пра працу на дзяржаўных прадпрыемствах.
Нават лекару не варта цешыць сябе ілюзіямі. Бо хоць у Беларусі і існуе вялікі дэфіцыт кадраў у медычнай сферы, камісія пракурора Шведа максімум прапануе такому спецыялісту вакансію недзе ў зоне адчужэння. Бо, вядома, недахоп маецца не толькі ў Мінску ды абласных цэнтрах, а і ў дэпрэсіўнай глыбінцы. Здымнае жыллё і маленькі заробак — хіба на такія «шчодрасці» і застанецца спадзявацца ўчорашняму «змагару».

Тыя, хто вернуцца, стануць новымі Васкрасенскімі і Пратасевічамі

Менавіта так: на прапагандысцкі эфект ці не найперш разлічвае рэжым, завабліваючы вяртацца тых, хто з’ехаў. Лукашэнка і яго набліжаныя не могуць не разумець, што вялікай плыні «вяртанцаў» не будзе. Для выпраўлення эканомікі гэтага не хопіць. Для прапаганды дастаткова і некалькіх дзясяткаў кейсаў.
Наіўна спадзявацца, што пасля прыезду «рэпатрыянтаў» чакаюць толькі «пяць хвілін ганьбы». Запісаў «пакаяльнае відэа» і ідзі на чатыры бакі? Не, так не будзе. Так гэта не працуе. Лукашэнкаўскі агітпрап возьме такіх людзей у круты абарот. Прыблізна ў такі, у які трапілі, бадай, самыя вядомыя рэнегаты — Юрый Васкрасенскі і Раман Пратасевіч.
Акрамя «пакаяння» на тэлекамеру, маючыя намер вярнуцца мусяць рыхтавацца да поўнага спектру прапагандысцкага выкарыстання. Інтэрв’ю дзяржаўным медыя, у якіх прыйдзецца ўхваляць рэжым і пляжыць Захад з апазіцыяй. Удзел у розных праўладных актыўнасцях кшталту смешных мітынгаў каля замежных амбасадаў і грамадскіх аб’яднаннях кшталту смешнай «Белай Русі». Падаецца, што кожнага, хто вернецца, будуць найперш узважваць па гэтай шкале — шкале прапагандысцкага плёну, які тут можна выціснуць. І што драматычна: жаданне ці нежаданне чалавека ўдзельнічаць у ганебных гульнях прапаганды ўлічвацца аніяк не будзе.

Дзве тэзы трэба памятаць з «прэзентацыі» ідэі аб вяртанні ў Беларусь. Першая ад Лукашэнкі: ён сказаў, што «вяртанцы» павінны стаць яшчэ большымі ябацькамі, чым самі ябацькі. Гэта фактычна адсылка да галоўнага героя Оруэла, які ў выніку «палюбіў Вялікага Брата».
Другая тэза — ад генпракурора Шведа, які заўважыў, што мае паўнамоцтвы персанальна прымаць рашэнні аб пераследзе таго ці іншага «рэпатрыянта». То-бок, нават калі тая самая «камісія» пастановіць, што да чалавека прэтэнзій няма, Швед як старшыня той камісіі можа вырашыць інакш.


Што гэта азначае? Толькі тое, што ніякіх гарантый рэжым не дае, і любое «памілаванне» можа быць адмененае ў любы момант. Будзеш недастатковым ябацькам. Не прыйдзеш на эфір да Азаронка. Не ўздымеш чырвона-зялёны сцяг на праўладным мітынгу. Усё гэта будзе трактавацца як прыкмета недастатковай любові да Вялікага Брата. З адпаведнымі крымінальнымі наступствамі.