Навіны дня. Аграмадны штраф 78-гадовай жанчыне за сцяг і гібель на будоўлі.
Асноўныя падзеі, якія здарыліся сёння ў Беларусі, — у нашым традыцыйным штодзённым аглядзе.
Беларусаў працягваюць пераследаваць за іх грамадзянскую пазіцыю. Не спыняецца ціск на палітвязняў. Гітарыста гуртоў «Голая Манашка» і «Мутнаевока» Васіля Ярмоленку асудзілі на 3 гады «хіміі». Разам з ім асудзілі таксама яго сяброўку Таццяну Гацко. Абаіх прызналі вінаватымі ў актыўным удзеле ў паслявыбарчых пратэстах 2020 года.
Затрыманы ГУБАЗіКам моладзевы актывіст Арсень Дзядок. 20 красавіка ён перастаў выходзіць на сувязь, а потым высветлілася, што ён у ЦІП на Акрэсціна.
Выйшла на волю фігурантка «карагоднай справы» настаўніца Марына Глазава. Яна стала першай, хто па гэтай справе апынуўся ў СІЗА.
Беларусь спыніла падачу электраэнергіі на Чарнобыльскую АЭС. Рашэнне прынятае па ініцыятыве ўкраінскага боку.
Днём на будаўнічай пляцоўцы Minsk World загінуў рабочы. Паводле папярэдняй інфармацыі, чалавека прыціснула шчытом.
Больш за 4 тысячы мігрантаў спрабавалі трапіць у Польшчу з Беларусі сёлета. А за мінулыя суткі 20 замежнікаў спрабавалі трапіць у Польшчу. Сярод іх грамадзяне Конга і Камеруна.
78-гадовая жанчына выйшла ў Дзень Волі у двор са сцягам. За гэта мінчанку аштрафавалі на 1920 рублёў. «Я дзіця вайны. Добры падарунак мне да Дня Перамогі», — уздыхае яна.
Ва Украіне могуць канфіскаваць аўто, якія належаць беларускаму і расійскаму бізнесу. Гэтым займаецца Бюро эканамічнай бяспекі Украіны.