Навіны дня. Украіна не здаецца, Расія рэпрэсуе медыя, затрымалі журналістку «НЧ» Дзіяну Серадзюк

Галоўнае, што адбылося 3 сакавіка, у нашым традыцыйным падсумаванні.

756386961889792.jpg

Украіна трымаецца. Расейскія акупацыйныя войскі анічога не могуць зрабіць з мужнасцю ўкраінскага народа і яго згуртаванай арміі. Сёння быў восьмы дзень супрацьстаяння. Украінцы адбілі асноўныя наступы расейцаў, а месцамі нават пераходзілі ў контратаку. У выніку дзень скончыўся другім раундам перамоваў і эмацыйным зваротам Уладзіміра Зяленскага да Уладзіміра Пуціна.

Нічога святога. Беларускага войска ва Украіне пакуль няма, але матчына сэрца непакоіцца. За мір наогул, і за тое, каб прынамсі беларускія падраздзяленні засталіся дома, сёння ў Мінску маліліся маці салдатаў. Сілавікі спрацавалі ў сваім стылі — выглядае, што палічылі малітву несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам і правялі затрыманні.

Пікетоўшчыка асудзілі. Яшчэ адзін выступ за мір скончыўся «суткамі». 30 суткамі. Менавіта столькі атрымаў малады чалавек, які 2 сакавіка прайшоў па раздзяляльнай лініі праспекта Незалежнасці з антываенным постэрам.

«Безвіз» па-беларуску. Пішацца асобна. Праз тое, што Беларусь саюзнічае з Расіяй у вайне супраць Украіны, грамадзянам нашай краіны могуць перастаць выдаваць візы ў ЕС. Што ёсць, тое ёсць: калектыўная адказнасць. Праўда, з гуманітарных прычын шэнген выдаваць працягнуць.

Скончыўся «Дождь». На два незалежныя медыя ў Расіі сёння паменшала. Спачатку «нармалізавалі» «Эхо Москвы», а потым аб прыпыненні вяшчання абвясціў тэлеканал «Дождь». Што сказаць: адносна барацьбы з медыя рэжыму Уладзіміра Пуціна ёсць з каго браць прыклад.

Рэпрэсіі журналістаў. Прыклад можна браць у рэжыме анлайн. Сёння ад гэтых ніў зноў прыйшлі кепскія навіны. Журналісту Алегу Груздзіловічу прысудзілі 1,5 года калоніі, пры невысветленных абставінах затрымалі нашу калегу па «Новым Часе» Дзіяну Серадзюк. А жонка яшчэ аднаго рэпарцёра «НЧ», Дзяніса Івашына, заклікала вызваліць яго як ваеннапалоннага. 

Заяўка зроблена. А Малдова і Грузія тым часам просяцца ў Еўрапейскі Саюз, і чаму б ім там не аказацца. У адрозненне ад нас.