Аптымізму адносна перспектыў Прыгожына пачаць свой бізнес у Беларусі няма

Тая таямнічасць, якой улады напусцілі вакол сітуацыі з ПВК «Вагнер», не дазваляе дакладна прадказаць далейшае развіццё падзей. Але што можна цалкам дакладна сказаць: Пуцін не даруе здраднікам.

Карыкатура Сяргея Ёлкіна для «Deutsche Welle»

Карыкатура Сяргея Ёлкіна для «Deutsche Welle»

Пра тое, дзе знаходзіцца Яўген Прыгожын, якія задачы будзе выконваць ПВК «Вагнер» у Беларусі і якую ролю ў гэтым на самой справе адыгрывае Аляксандр Лукашэнка, расказвае Максім Самарукаў, навуковы супрацоўнік Берлінскага цэнтра Карнегі па вывучэнні Расіі і Еўразіі. З лютага 2015 года па красавік 2022 года ён быў навуковым супрацоўнікам Маскоўскага цэнтра Карнегі. З 2009 года і да прыходу ў Маскоўскі цэнтр Карнегі Самарукаў працаваў у незалежным інтэрнэт-выданні Slon.ru — спачатку карэспандэнтам, затым рэдактарам і міжнародным аглядальнікам. Асноўныя тэмы яго публікацый — расійская знешняя палітыка, Усходняя Еўропа і яе адносіны з Расіяй, Балканы, еўрапейскі крызіс, праблемы пераходу да дэмакратыі, піша «Deutsche Welle».

— Што азначаюць словы Лукашэнкі пра тое, што Прыгожын насамрэч не знаходзіцца ў Беларусі, а ягонае месцазнаходжаньне цяпер — Санкт-Пецярбург, і што прапанова Лукашэнкі застаецца ў сіле, і «вагнераўцы» могуць і далей размяшчацца на тэрыторыі Беларусі? Наколькі наогул сур'ёзна можна ставіцца да такога роду заяў?

— Я думаю, што Лукашэнка мае на ўвазе рэальную сітуацыю. Хутчэй за ўсё, на дадзены момант Прыгожын сапраўды не знаходзіцца ў Беларусі. Але ў перспектыве Лукашэнку вельмі хацелася б павысіць свой міжнародны ці хаця б рэгіянальны статус і перавабіць «вагнераўцаў» у Беларусь, каб гэтай кампаніяй па-ранейшаму кіраваў Прыгожын, які так добра вядомы на Захадзе. Ім можна будзе, напрыклад, палохаць суседзяў ці што-небудзь такое, выкарыстоўваць для ціску на навакольных, для павышэння ўласнай важнасці. Вось ён што мае на ўвазе.


Глядзіце таксама

Наколькі ён можа гэта рэалізаваць? Але ўжо, мяркуючы нават па тым, як ён сам кажа, ён не вельмі ў гэтым упэўнены. І я не думаю, што гэта так ужо ад яго залежыць. Гэта, хутчэй за ўсё, будзе вырашаць зусім не Аляксандр Лукашэнка, гэта будуць вырашаць зусім у іншых месцах у Крамлі. І калі Крэмль захоча, каб нейкая частка ПВК «Вагнер» пераехала ў Беларусь на чале з Прыгожыным, то, напэўна, гэта будзе магчыма на нейкі час.

Але, у цэлым, мы бачылі, што Пуцін выказаўся даволі жорстка пра ПВК «Вагнер», ён назваў іх некалькі разоў здраднікамі. І наогул усе яго выказванні не абяцалі Прыгожыну аніякіх прыемных перспектыў. Мы ведаем, як Уладзімір Уладзіміравіч ставіцца да здраднікаў, што для яго гэта самы страшны грэх. Мы ведаем, як ён абышоўся з іншымі, з тымі, каго ён лічыў здраднікамі. Таму я б не быў занадта аптымістычным адносна магчымасцей Яўгена Прыгожына пачаць свой бізнэс дзе-небудзь яшчэ, тым больш у Беларусі, дзе ўвогуле расійскія спецслужбы адчуваюць сябе даволі прывольна.

— Як вы думаеце, чаму так шмат туману вакол нейкіх умоў або падрабязнасцей пра размяшчэнне ПВК «Вагнер» у Беларусі? Гэта значыць, уласна кажучы, мы не ведаем пра гэта практычна нічога.

— Туману шмат, таму што Крэмль не хоча прадстаўляць гэтае пагадненне з Прыгожыным як пагадненне. Таму што любое пагадненне заключаецца паміж адносна роўнымі бакамі. Пуцін жа патлумачыў, што гэта было. Гэта быў выпадковы бунт, здрада нейкіх страшных дурняў, якія забылі, хто яны, і якіх трэба проста выгнаць з краіны, як мінімум. А яшчэ лепш пакараць як-небудзь больш сур'ёзна. І тое, што ён з гэтымі людзьмі, з Прыгожыным, будзе заключаць дамовы на роўных, гэта немагчыма ўявіць. Тым больш, што там будуць нейкія ўмовы, якія Крэмль будзе абавязаны выконваць. Усё гэта вельмі зневажальна для Крамля, каб прадстаўляць публічна.


Глядзіце таксама

Нават Лукашэнка, пры ўсіх яго бясконцых размовах пра тое, як ён па-майстэрску ўсё разруліў, як гэта было сур'ёзна, што толькі ён і выратаваў сітуацыю, на самой справе ўсё роўна разумее, што не варта так ужо прама ўказваць гэтыя ўмовы і ставіць Крэмль у настолькі нязручную сітуацыю, калі ён будзе звязаны нейкімі публічнымі абавязацельствамі. Цяпер аніякіх публічных абавязацельстваў няма. Таму гэта яшчэ раз пацвярджае, што становішча Прыгожына і яго ПВК «Вагнер» на самой справе вельмі нестабільнае, і Крэмль можа інтэрпрэтаваць тыя нефармальныя абавязацельствы, якія ён узяў на сябе падчас размоў, пры пасярэдніцтве Лукашэнкі, як яму захочацца.

— Чым выклікана такое актыўнае пасярэдніцтва з боку Лукашэнкі? Якія выгады для яго вымалёўваюцца на гэтым фоне?

— Ну, больш за ўсё, я думаю, гэта ўмацаванне каштоўнасці Лукашэнкі для Крамля. Па сутнасці, ён жа вырашыў ўнутрырасійскі крызіс. Нейкія іншыя расійскія саноўнікі, кшталту Бортнікава або Вайно, яны не змаглі гэты крызіс развязаць, а ён змог, і вось гэтым ён каштоўны для Пуціна. Гэта не столькі нейкае міжнароднае пасярэдніцтва ці нейкая новая замежнапалітычная роля Лукашэнкі. Гэта, хутчэй, роля Лукашэнкі як таго, хто можа развязваць праблемы для Пуціна, якія сам Пуцін не хоча развязваць, не хоча на гэта адцягваць увагу. Гэта занадта дробна, далёка ад яго геапалітычных прыярытэтаў. А Лукашэнка за яго гэта вырашыў. Напэўна, яму павінны перапасці нейкія плюшкі ва ўзнагароду — за тое, што ён так добра справіўся і дапамог выйсці са складанай сітуацыі Крамлю з мінімальнымі стратамі.


Глядзіце таксама

Але я б не перабольшваў. Таму што зразумела, што мяцеж быў асуджаны і без усялякага ўмяшання Лукашэнкі, што ўся эліта ўстала на бок Пуціна, усе сілавікі пацвердзілі сваю лаяльнасць. Ніхто Прыгожына не падтрымаў, і сам Прыгожын насамрэч не ведаў, што яму рабіць далей. І ў гэтай сітуацыі знайшлося б выйсце і без Лукашэнкі, які апынуўся вельмі своечасова ў патрэбным месцы і дазволіў вырашыць гэта ўсё без аніякіх сур'ёзных праблем.