Беларускім шляхам: У Іране караюць знакамітасцей, якія далучыліся да пратэстаў

Таемны камітэт Ірана карае вядомых у краіне асоб, якія далучыліся да пратэстаў. Ад падаткавікоў патрабуюць праверыць выдаткі гэтых людзей — і знайсці, за што пакараць.

Акторку Таранэ Алідусты затрымалі за тое, што яна сфатаграфавалася без хіджаба і з пратэсным плакатам «Жанчына, жыццё, свабода»

Акторку Таранэ Алідусты затрымалі за тое, што яна сфатаграфавалася без хіджаба і з пратэсным плакатам «Жанчына, жыццё, свабода»

Як стала вядома ВВС з дакументаў, якія ў выніку ўцечкі трапілі ў распараджэнне журналістаў, улады Ірана яшчэ ў мінулым годзе сфарміравалі таемны Камітэт з мэтай пераследу і пакарання іранскіх знакамітасцей, якія выступаюць у падтрымку антыўрадавага руху.

Гэты камітэт ужо 22 верасня накіраваў у Міністэрства эканомікі ліст са спісам са 141 знакамітасці з патрабаваннем праверыць іх падатковыя адлічэнні і распачаць супраць іх іншыя дзеянні.

Ліст быў напісаны ўсяго праз 6 дзён пасля таго, як у краіне пачаліся масавыя пратэсты, выкліканыя гібеллю маладой жанчыны Махсы Аміні. Нагадаем, яе затрымала паліцыя нораваў за парушэнне ісламскага дрэс-коду — нібыта за няправільна завязаную хустку.



У спісе апынуліся такія вядомыя людзі, як легенда іранскага футбола Алі Даеі і кіназорка Таранэ Алідусты.

Але і акрамя іх там фігуруюць дзясяткі знакамітасцей — актораў, спартоўцаў і лідараў грамадскай думкі, якім пагражаюць эканамічныя санкцыі, забароны на перамяшчэнне і нават арышты за падтрымку руху з патрабаваннем выконваць асноўныя грамадзянскія свабоды.

З моманту пачатку гэтых пратэстаў сотні людзей загінулі ў крывавых сутыкненнях з сіламі бяспекі і яшчэ за тысячу былі затрыманы паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў «бунтах», арганізаваных, як сцвярджаюць улады, замежнымі ворагамі Ірана.


Персідская служба ВВС атрымала ад сваёй блізкаўсходняй крыніцы адразу тры дакументы, якія дэманструюць, якія хуткія і скаардынаваныя дзеянні распачалі ўлады ў Тэгеране ў спробе адвадзіць знакамітасцей ад удзелу ў пратэстах ці нават іх падтрымкі.

Так, у лісце ад 22 верасня згадваецца аб стварэнні так званай спецыяльнай групы па знакамітасцях на чале з міністрам культуры і ісламскай арыентацыі Ірана Махамадам Мехдзі Ісмаілі, які знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза за грубыя парушэнні правоў чалавека.

У гэтым лісце таксама гаворыцца, што Міністэрства эканомікі было праінструктавана вывучыць падатковыя адлічэнні фігурантаў спісу са 141 чалавека, якія, з пункту гледжання Камітэта, адыгралі важную ролю ў распальванні хваляванняў, і прымяніць да іх «чаканыя ў рамках закона абмежаванні».

Акрамя футбаліста Алі Даеі і актрысы Таранэ Алідусты, якая была арыштавана 17 снежня за тое, што асудзіла пакаранне аднаго з удзельнікаў пратэстаў, але была адпушчана пад заклад праз два тыдні, у спісе значацца яшчэ многія знакамітасці, у тым ліку кінарэжысёры Асгар Фархадзі (уладальнік «Оскара»), Пега Ахангарані, Маніжэ Хекмат, Барзу Арджуманд і Шахін Самадпур, а таксама акцёр і былы тэлевядучы Эхсан Карамі.


У лісце не ўдакладняюцца «абмежаванні», якія пагражалі гэтым людзям, але, як распавёў персідскай службе ВВС адзін з тых, хто значыўся ў спісе, «чыноўнікі пагражалі інфлюенсерам Instagram, што, калі яны і далей будуць падтрымліваць удзельнікаў пратэстаў, іх прымусяць заплаціць падаткі з усіх даходаў, якія яны атрымліваюць анлайн, і гэта будуць вельмі значныя сумы».

Яшчэ два чалавекі са спісу пацвердзілі, што іх банкаўскія рахункі былі заблакіраваны пасля таго, як яны выказаліся ў падтрымку пратэстоўцаў.

У іншым дакуменце з паметкай «цалкам сакрэтна», датаваным 26 верасня, гаворыцца, што спецыяльная група па знакамітасцях пераймяноўваецца ў Камітэт па знакамітасцях, які становіцца пастаянным.


Там таксама гаворыцца, што абавязкі Камітэта падзяляюцца паміж міністэрствамі культуры і разведкі, якія будуць займацца акторамі, выканаўцамі і медыяперсонамі, і Міністэрствам спорту і Корпусам Вартавых Ісламскай Рэвалюцыі (КВІР), у адказнасць якіх увойдуць спартсмены.

У дакуменце ўтрымліваецца настаўленне: любое рашэнне па знакамітасцях «павінна прымацца такім чынам, каб зніжаць выдаткі і павышаць карысць пры ўціхамірванні беспарадкаў і падтрыманні асноў рэжыму».

У трэцім дакуменце ад 1 лістапада абмяркоўваецца, як варта абысціся з футбалістамі напярэдадні Чэмпіянату свету ў Катары, і гаворыцца, што актывы аднаго з вядучых гульцоў і трэнера варта замарозіць.

У дакуменце таксама гаворыцца, што Камітэт быў разгневаны «нязменнай дзёрзкасцю» актрысы Фацімы Матамед-Ар'і і запатрабаваў ад пракуратуры Тэгерана «тэрмінова прад'явіць ёй абвінавачванні і разгледзець яе справу ў прыярытэтным парадку».

Матамед-Ар'я размясціла ў сеціве свае фатаграфіі без хіджаба і апублікавала гнеўнае відэа, у якім скардзіцца, што ўлады выкарыстоўвалі яе фатаграфію ў хіджабе для рэкламных плакатаў.

Нягледзячы на тое, што шпіёны КВІР нібыта цікавяцца выключна спартоўцамі, у дакуменце гаворыцца, што ім быў дадзены дазвол затрымаць акторку кіно і тэлебачання, лаўрэатку некалькіх прэмій за лепшую жаночую ролю Катаюн Рыяхі, якая адной з першых зняла хіджаб у знак падтрымкі пратэснага руху.

Паводле некаторых звестак, Катаюн была арыштавана 20 лістапада на поўначы Ірана і праз тыдзень адпушчана пад заклад.

Паводле ВВС, пераклад «НЧ»