Навіны дня: Кацярыне Андрэевай пагражае 15 гадоў, у тэатры беларускай драматургіі — чыстка
Дзень 7 красавіка — у нашым традыцыйным аглядзе асноўных падзей у Беларусі. Калі коратка, рэпрэсіі не толькі працягваюцца, але і — устойлівае адчуванне — узмацняюцца.
Уласна, рэпрэсіі — гэта галоўнае, што фігуравала 7 апреля ў стужках навін. Так, мы даведаліся пра:
новую крымінальную справу журналісткі Кацярыны Андрэевай — гаворка ідзе ажно пра «дзяржаўную здраду» (ад 7 да 15 гадоў);
новы тэрмін палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк — ёй дадалі адзін год калоніі;
затрыманне Людмілы Рамановіч за ліст супраць вайны — жанчына накіравала яго наўпрост у адміністрацыю Лукашэнкі;
прысуд сям'і — мужа і жонкі Дар'і і Аляксея Арбузавых — за пазалеташнія паслявыбарныя пратэсты;узмацненне рэжыму зняволення палітвязню Аляксею Сямёнаву — з «хіміі» хлопца перавялі ў калонію;
затрыманне валанцёркі і шматдзетнай маці Юліі Ганісеўскай — магчыма за дапамогу ўкраінцам, гуманітарку якім яна збірала.
Тым часам — і гэта таксама рэпрэсіі — хваля барацьбы з неблаганадзейнымі накрыла Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Сёння стала вядома пра звальненне чатырох акцёраў.
У ў Гродне і Ваўкавыску будуць фактычна ліквідаваныя польскамоўныя школы — іх перавядуць на рускую мову навучання.
А вось гэта не мае дачынення да рэпрэсій. Чыноўнікі будуць рэгуляваць цэны на цікавую лінейку тавараў — туалетную паперу, падгузнікі, мыла, шкарпэткі і шмат што іншае.
І ў працяг эканамічнага блока: Беларусь будзе плаціць па міжнародных крэдытах беларускімі рублямі. Колькі патрэбна, столькі і надрукуем.
І яшчэ пра нашу светлую будучыню. У сакавіку золата-валютныя рэзервы Беларусі снізіліся амаль на 700 мільёнаў долараў, а беларускія нафта-перапрацоўчыя заводы працуюць з мінімальнай загрузкай.
А ў Столінскім раёне ўпалі абломкі крылатай ракеты — памятаем, што вайна ва Украіне працягваецца, і яе вынікі будуць уплываць на далейшы лёс Беларусі і беларусаў.