Навіны дня. Дзень Волі ў няволі, Анжаліку Борыс «памянялі» на «польскага шпіёна»
Дзень Волі сёлета многія беларусы вымушаныя адзначаць у няволі. Дый на фоне вайны святочны настрой неяк не ствараецца. Тым не менш, распавядаем і пра вясёлыя, і пра сумныя падзеі сённяшняга дня.
У сакавіку 2022-га Беларусь фактычна вярнулася да таго, з чаго яна пачыналася вясной 1918-га. У краіне пануе чужое войска, беларусаў уцягнулі ў чужую, непатрэбную ім вайну. Чаму сёлета Дзень Волі набыў асабліва драматычны сэнс — чытайце па спасылцы.
У бліжэйшыя тыдні ва Украіне магчымая эскалацыя баявых дзеянняў. У цэлым параза Расіі ў гэтай вайне непазбежна прывядзе да дэзінтэграцыі постсавецкай прасторы. Для Беларусі гэта адкрые магчымасць адкуплення пасля той ганебнай ролі, якую мы адыгралі ў гэтым канфлікце. Такое меркаванне выказалі эксперты падчас анлайн-сустрэчы экспертна-аналітычнага клуба, прысвечанай вайне ва Украіне.
Рада БНР накіравала ў Раду Еўропы мемарандум з заклікам прызнаць Беларусь краінай, якая знаходзіцца пад вайсковай акупацыяй Расіі.
Беларусам давядзецца зацягнуць паясы — прычым не на месяцы, а на гады. Эканаміст Вадзім Іосуб параўноўвае тое, што нас чакае, з 1942–1943 гадамі, калі краіна была акупаваная і ішла вайна.
Мінабароны Расіі другі раз з пачатку вайны паведаміла пра страты сярод сваіх вайскоўцаў. Праўда, гэтыя лічбы моцна адрозніваюцца ад тых, якія агучвае ўкраінскі бок.
Палітвязню Ціхану Осіпаву, асуджанаму на 11 гадоў зняволення, сёння прысудзілі дадатковыя 7 месяцаў калоніі. Яго судзілі за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Таксама Ціхану Осіпаву замянілі ўзмоцнены рэжым на строгі.
Сёння нечакана старшыню Саюза палякаў Беларусі Анжаліку Борыс перавялі з СІЗА пад хатні арышт. Яна ўсё яшчэ застаецца падазраванай па крымінальнай справе. Адыёзны дзеяч Юрый Васкрасенскі з гэтай нагоды нават выказаў спадзеў на пачатак нармалізацыі стасункаў паміж польскім і беларускім бокам.
Аднак нядоўга музыка грала: КДБ паведаміў пра затрыманне ў Гродне грамадзяніна Польшчы, якога падазраюць у шпіянажы.
Расійская «Новая газета» паведамляе, што групіроўка «Хезбала» адпраўляе сваіх баевікоў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Першы этап адпраўкі баевікоў ва Украіну плануецца, паводле СМІ, на аўторак, 29 сакавіка. 200 байцоў нібыта будуць перакінуты з Дамаска на ваенную авіябазу ў Гомельскай вобласці.
Джо Байдэн наведаў горад Жэшаў недалёка ад мяжы з Украінай. Там размешчаная база, куды прыбывае гуманітарны і ваенны груз для Украіны. Прэзідэнт ЗША сустрэўся з вайскоўцамі 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі арміі Злучаных Штатаў, якія зараз дыслакаваныя ў Польшчы.