Навіны дня. Расійскія войскі ў Беларусі і заканчэнне Алімпіяды

Узгадваем галоўныя падзеі ў Беларусі і свеце, што адбыліся 20 лютага, у нашым кароткім дайджэсце.

afp_32374rj.jpg


У Пекіне скончыліся Алімпійскія гульні. Вынікі беларускіх спартоўцаў несуцяшальныя: выніковае месца ў агульным заліку ўвогуле атрымалася найгоршае ў гісторыі — толькі 24-е. Але магло быць і горш, бо прагнозы на Алімпіяду не давалі нам увогуле ніводнага медаля.

Свет жа згадвае Алімпійскія гульні ў кантэксце сусветных крызісаў. Алімпіяда ў часы глабальных выклікаў не магла паўплываць на творчасць мастакоў, якія па-свойму асэнсоўвалі гэтыя падзеі.

Лукашэнка і Пуцін раптоўна вырашылі працягнуць вучэнні «Саюзная рашучасць», — расійскія войскі застаюцца ў Беларусі, насуперак шматлікім абяцанням беларускага боку. Офіс Святланы Ціханоўскай заявіў, што войскі суседняй краіны знаходзяцца ў Беларусі ў парушэнне Канстытуцыі, а Беларусь «уцягваюць у чужую вайну і ператвараюць у краіну-агрэсара».

Тым жа часам сітуацыя вакол Украіны абвастраецца. У Варонежскай вобласці Расіі ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі з-за патоку бежанцаў з Данбаса — так званыя «ДНР» і «ЛНР» нібыта праводзяць эвакуацыю жыхароў.

Прэзідэнт Францыі з кіраўніком Расіі дамовіліся тэрмінова склікаць пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы, каб спыніць агонь на Данбасе.

Але Еўропа, падаецца, усё менш і менш верыць Пуціну. Прынамсі, цярпенне заканчваецца, і калі эскалацыя ля украінскіх межаў працягнецца, абяцаныя жорсткія санкцыі могуць быць уведзеныя хутка.

А у самой Беларусі працягваецца «перадрэферэндумная зачыстка». Стала вядома пра затрыманне выкладчыцы БДУ Ганну Курэйчык і экс-выкладчыцы Таццяны Сініцы. Жыхар Калінкавіч Аляксандр Елісееў прыняў удзел у абмеркаванні рэферэндуму, і яго таксама затрымалі. А КДБ паведаміла пра затрыманне ўдзельнікаў суполак, якія «планавалі зрыў рэферэндуму».

А ў беларускім войску загінуў яшчэ адзін салдат тэрміновай службы.