Навіны дня. Жыццё ў паняволенай Беларусі працягваецца: санкцыі, суды, вызваленні, шлюбы ды спатканні за кратамі
Прапануем традыцыйны агляд дня. Чытайце, што здарылася ў Беларусі 16 красавіка.
Суды працягваюць выносіць актывістам прысуды. Удзельніку пратэстаў Юрыю Вальчукупрысудзілі тры гады калоніі за захоўванне патронаў і распаўсюд персанальных даных.
Актывіста Зміцера Дашкевіча перавялі ў СІЗА №1 на Валадарскага.
За кратамі Андрэй Пачобут адзначыў сёння свой чарговы дзень народзінаў. Журналісту 16 красавіка споўнілася 49 гадоў.
Палітвязень з Брэста Давід Збаранскі ажаніўся. У бабруйскай калоніі пабраліся шлюбам палітвязень Давід Збаранскі і яго дзяўчына Аліна.
Старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан»Вольгу Брыцікаву асудзілі чацвёрты раз запар на суткі.
Паліна Скуркотрапіла на спатканне да мужа, Андрэя Скурко, у Магілёў. «Гэта было наша другое з двух дазволеных пасля суду спатканняў. Адбылося не без прыгод, будзе што ўспомніць», — распавяла яна
Затое на волю выйшлі палітвязні Уладзімір Яроменак, Максім Куксачэнка, Ягор Леўчык.
Польшча будзе ўводзіць санкцыі супраць замежнікаў, якія падтрымліваюць вайну ва Украіне і рэпрэсіі ў Беларусі.
Грошы забяруць? У банках Украіны знайшліся 200 мільярдаў грыўняў кампаній з Расіі і Беларусі. Цяпер гэтыя грошы могуць быць скарыстаныя «ў інтарэсах вядзення баявых дзеянняў ва Украіне».
Беларусь жа, у адказ на санкцыі, забараніла ўезд аўтамабіляў з ЕС.
У краіне затое працягваюць расці цэны. Найбольш актыўна ў Беларусі ў сакавіку падаражэлі паслугі міжнароднага турызму, легкавыя аўто і тэлетавары. Цэны на турызм выраслі больш чым на 50%!