Навіны дня. Галадоўка Мацкевіча, звальненне прафесаркі і новая хваля рэпрэсій

Самае важнае, што здарылася ў Беларусі і за яе межамі 17 лютага, у кароткім дайджэсце напрыканцы дня.

Уладзімір Мацкевіч. Фота «БелГазета»

Уладзімір Мацкевіч. Фота «БелГазета»

Галоўнае. Філосаф Уладзімір Мацкевіч скончыў галадоўку. Пра гэта сябрам паведаміў яго адвакат пасля сённяшняй сустрэчы з падабаронным. Па словах Мацкевіча, у яго была сустрэча са следчым. Апошні паведаміў, што «справа зрушылася з мёртвай кропкі».

Без вады і ежы. А вось іншы палівязень, Мікіта Емяльянаў, дагэтуль галадуе ў СІЗА.

Каму з таго лепей? З БДУ звальняюць прафесарку Наталлю Абрашыну-Жадаеву, якая запісала відэа ў падтрымку калегі

Служба такая. Згодна з ідэяй Карпянкова, Паўлічэнка фармуе «мабільныя групы» з былых спецназаўцаў, каб працаваць на рэферэндуме

Хацелася як лепш. Праваабаронца Наста Лойка спрабавала перавесці 50 рублёў знаёмаму, які знаходзіцца ў СІЗА, аднак у гэтым адмовілі, а пашпарт дзяўчыны патрапіў пад адмысловы кантроль праз «спробу фінансавання тэрарызму».

Знікла сувязь. Жонка зняволенага журналіста «Новага Часу» Дзяніса Івашына распавяла, што не бачыла мужа ўжо 11 месяцаў. І амаль 5 месяцаў ад палітвязня няма нават лістоў.

Так і трэба. Прэс-сакратар Крамля Пяскоў заявіў, што расійскія войскі не застануцца ў Беларусі пасля заканчэння вучэнняў

Тэрмін скончыўся. Фатограф Уладзь Грыдзін выйшаў на волю пасля 13 сутак арышту.

Зводка рэпрэсій. За пратэстныя надпісы і абразу Лукашэнкі берасцейца адправілі ў калонію, за абразу Ярмошынай іншаму жыхару Брэста прысудзілі два гады «хіміі», у Горках і Дрыбіне сілавікі правялі вобшукі, у Гародні — затрыманні, Праваабаронцу Уладзіміра Краўчанку збіраюцца судзіць за распаўсюд экстрэмізму. І гэта толькі тое, што партапіла ў медыя.

Далей ад небяспекі. З'ехаў з Беларусі футбаліст Яўген Вяроўка, актывіст Свабоднага аб'яднання спартсменаў

Рука дапамогі. Польшча прыняла чарговую партыю беларусаў — гэтым разам 80 чалавек — і гэта толькі маленькі фрагмент маштабнай эміграцыі, якая ў Беларусі працягваецца.